Сваякі Міколы Статкевіча атрымалі ад МУС адказ, што ён адбывае пакаранне згодна з прыгаворам ад 14.12.2021, аднак дакладнае месца знаходжання палітвязня невядомае.

Нагадаем, што 11 верасня Лукашэнка памілаваў Статкевіча і яшчэ 51 зняволенага. Усіх, акрамя яго, прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы. Мікола адмовіўся ад дэпартацыі, выбіў дзверы аўтобуса і выскачыў на нейтральнай паласе, а праз некалькі гадзін вярнуўся ў Беларусь. Магчыма, яго адправілі ў глыбоцкую калонію, але пацверджання гэтаму няма.

А вось пра Максіма Знака няма звестак ажно 1000 дзён (!).

Былы адвакат Максім Знак быў засуджаны на 10 гадоў зняволення. Ніякіх вестак ад яго няма з лютага 2023 году — тады ў «чорны спіс» трапілі Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Мікола Статкевіч. Ціханоўскага і Лосіка вызвалілі, вывезшы за мяжу. Калеснікаву і Бабарыку прынамсі паказалі праз тэлевізію: Марыя Калеснікава сустрэлася з бацькам 12 лістапада 2024 году, а ў студзені 2025 году з’явілася відэа з Віктарам Бабарыкам.