
Нацыянальны банк Польшчы выдаў справаздачу аб эканамічным становішчы мігрантаў зь Беларусі ў 2025 годзе. Разглядаюцца людзі, якія пераехалі ў краіну за апошнія гады.
З справаздачы вынікае, што большасьць беларусаў — 56% — выехалі з сваёй краіны праз палітычны чыньнік, і толькі 32% — з эканамічных прычынаў.
Больш за 80% беларускіх мігрантаў складаюць людзі да 44 год з вышэйшай адукацыяй.
29% працягваюць адпраўляць грошы на радзіму. Лічба зьменшылася, бо год таму такіх было 33%. Часьцей за ўсё — раз на 2-3 месяцы. Палова пераводаў не перавышае 1 тысячы злотых. Згодна зь цяперашнім курсам, гэта складае 935 беларускіх рублёў.
64% беларусаў у Польшчы працаўладкаваныя, 14% адкрылі свой бізнэс. 17% занятыя ў ІТ — гэта самая высокааплатная група, тут палова атрымлівае больш за 10 тысяч злотых нэта (больш за 9355 рублёў).
Да 80% месячнага даходу беларусы трацяць на бягучыя выдаткі. Толькі 15% жывуць «ад заробку да заробку», выдаткоўваючы амаль усё. У сярэднім заробак складае 93% усіх даходаў беларусаў у Польшчы, астатняе даюць выплаты дапамогаў ці дробныя дадатковыя крыніцы.
Справаздача грунтуецца на апытаньнях з анкетаў.
Радыё Свабода
