Менская пракуратура звінаваціла краму ў вырабе і вытворчасці прадукцыі, звязанай з «рэабілітацыяй нацызму», за вытворчасць калядных шароў з выявай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

Намеснік пракурора Савецкага раёну Менску прадпісаў дырэктару крамы неадкладна зняць з продажу шары з выявай Ларысы Геніюш. Акрамя таго, на даручэнне пракуратуры раёну міліцыя робіць даследчае правяранне на падставе арт.174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі.

«Неаднаразова ставілася пытанне пра рэабілітацыю Ларысы Геніюш, аднак Вярхоўны Суд вызначыў, што падставаў для яе рэабілітацыі няма», – заявілі ў пракуратуры.

У паведамленні пракуратуры ідзецца пра «Калядную краму», зачыненую пасля таго, як на яе накінуліся прапагандысты, якіх абурыў продаж калядных цацак з выяваю Ларысы Геніюш, а Вольга Бондарава, назваўшы паэтку «нацысцкаю злачынкаю», напісала данос у міліцыю. Праз некалькі гадзінаў цацкі знялі з продажу.

Геніюш даўно не дае спакою цяперашнім уладам Беларусі. У ліпені сёлета – таксама пасля атакі прапагандыстаў – у Менску адмянілі літаратурную вечарыну, прысвечаную выбітнай беларускай паэтцы і грамадскай дзяячцы. У 2023 годзе ў Зэльве дэмантавалі помнік Геніюш, што стаяў на тэрыторыі царквы Святой Тройцы. У тым жа годзе Міністэрства інфармацыі залучыла ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігу з серыі «Беларускі кнігазбор» з выбранымі творамі Геніюш.

Ларыса Геніюш (1910–1983) – выбітная беларуская паэтка, актыўная ўдзельніца нацыянальнага руху. У гады Другой сусветнай вайны яна працавала ў эміграцыйных структурах Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля вайны была арыштаваная савецкімі спецслужбамі і асуджаная на дзесяць гадоў лагераў. Па вяртанні ў Беларусь жыла пад няспынным наглядам і цэнзурай.

Яе творчасць адлюстроўвае тэмы нацыянальнай годнасці, вернасці роднай мове і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Нягледзячы на палітычны ціск, Геніюш засталася вернай сваёй краіне і да апошніх дзён адмаўлялася прыняць савецкае грамадзянства.