
Прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава забярэ дачка журналіста Яна Пачобут. Яе будзе суправаджаць кіраўніца Падляшскага аддзела арганізацыі «Польская супольнасць» Ганна Кетліньска, піша @pozirkonline.
Другая ўзнагароджаная Мзія Амаглабелі таксама не зможа ўзяць удзелу ў цырымоніі ўзнагароджання. Яе будуць прадстаўляць журналіст Gazeti Batumelebi Ірма Дзімітрадзэ і намесніца дырэктара Фонду грамадзянскай супольнасці Грузіі Хатуна Джынджыхадзэ.
Пра тое, што журналіст і актывіст Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут і засуджаная ў Грузіі журналістка Мзія Амаглабелі сталі лаўрэатамі прэміі, паведаміла 22 кастрычніка на пленарнай сесіі Еўрапарламента яго спікер Раберта Метсола.
