фота ілюстрацыйнае

У Беларусі абнаўляюць правілы дзяржаўнай рэгістрацыі транспарту. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Цяпер агляд аўтамабіля можна будзе прайсці ў любым аддзяленні ДАІ — гэта робіцца, як заяўлена дзеля зручнасці грамадзян і арганізацый.

Па новых правілах юрыдычным асобам больш не трэба звяртацца ў ваенкаматы, каб ставіць транспарт на ўлік для патрэбаў мабілізацыі. Таксама адмяняецца неабходнасць запытваць інфармацыю па месцы выдачы дакументаў пры рэгістрацыі машын, прывезеных з краін ЕАЭС.

У дакуменце прапісаны парадак рэгістрацыі транспартных сродкаў, зробленых у выніку індывідуальнай творчасці. Удакладняюцца правілы, калі ўладальнікамі транспарту з’яўляюцца дзеці да 14 гадоў і падлеткі ад 14 да 18 гадоў.

Акрамя таго, уводзіцца афіцыйнае вызначэнне ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку і апісваецца парадак яго фатаграфавання для аднастайнага правядзення агляду.