
Пачынаючы з жніўня гэтага году раённыя выканаўчыя камітэты Пінску, Лунінца і Менску, а таксама вайсковы камісарыят Гародні пачалі набываць партатыўныя прылады для выяўленьня дронаў. Такія ж самыя дэтэктары выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы на вайне ва Ўкраіне.
Як падлічыла Свабода, зь ліпеня 2024 году ў паветранай прасторы Беларусі было зафіксавана каля 700 дронаў. Часьцей за ўсё іх прылёты супадалі ў часе з масавымі расейскімі паветранымі атакамі Ўкраіны. У большасьці выпадкаў улады хаваюць інфармацыю пра гэтыя здарэньні, не інфармуюць людзей пра небясьпеку падчас такіх пралётаў, часам нягледзячы на факты выбухаў і разбурэньняў.
З сайту дзяржаўных закупаў вынікае, што сістэмы тыпу «Набат» і «Булат» у колькасьці 21 адзінкі набывае Вайсковы камісарыят Гарадзенскай вобласьці на суму амаль 102 тысячы рублёў. Тэхнічнае заданьне разьмешчана з подпісам выканаўцы абавязкаў начальніка кірунку тэрытарыяльнай абароны вайсковага камісарыяту Дзяніса Дзедуля. Тэндэраў з падобнымі запытамі з удзелам вайсковых камісарыятаў у іншых вобласьцях Беларусі няма.
