
На фоне перамоваў з рэжымам пра вызваленне чарговай партыі палітвязняў у Беластоку прайшла традыцыйная штомесяцавая акцыя салідарнасці з тымі зняволенымі, хто ў лістападзе вымушаны быў сустракаць свой дзень народзінаў у зняволенні.
Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі салідарнасці:
– Прайшла штомесяцавая акцыя па палітзняволеных, тых, што сядзяць у Лукашэнкі ў турмах. Усіх мы іх памятаем. Бачым, што не спынілася машына рэпрэсій. Ён вызваляе па 50 чалавек, але замест іх садзіць усё больш і больш. Ён цяпер, як у старыя часы, гандлюе людзьмі. Прычым ён выкідае іх з Беларусі, як непатрэбных, як прададзеных, як штучны тавар.
Удзельнікі акцыі салідарнасці звяртаюцца да беларусаў, каб не забывалі пра тых палітвязняў, хто зараз вымушаны знаходзіцца ў турмах.
– Дарагія беларусы, хто нас чуе, не забывайцеся пра тое, што ўся нашая Беларусь і ўсе беларусы – у закладніках. І пакуль гэты рэжым не рухне, пакуль не выйдзе апошні вязень з турмы, мы не можам быць спакойнымі, не можам будаваць сваё жыццё і рабіць выгляд, што нічога не зрабілася, што мяне асабіста гэта не датычыцца. Гэта датычыцца кожнага з нас. Гэта датычыцца нашых дзяцей, таму што мы хочам, каб нашыя дзеці раслі ў вольнай шчаслівай краіне, а не былі выгнаннікамі, якімі мы з’яўляемся зараз.
На дадзены момант па меньшай меры 1243 чалавекі знаходзяцца зараз у зняволенні па палітычна матываваных крымінальных справах. З іх 89 палітвязняў вымушаныя былі сустракаць свой дзень нараджэння ў лістападзе – у зняволенні.


Беларускае Радыё Рацыя
