Міністэрства замежных спраў Беларусі абвінаваціла Літву ў парушэнні паветранай прасторы беспілотнікам. 

Як паведамляе МЗС, 30 лістапада лятальны апарат самалётнага тыпу перасек мяжу з боку Лаздзійскага раёна Літвы і ўпаў на тэрыторыі Гродна.

Як сцвярджаюць у ведамстве, аналіз абломкаў паказаў пракладзены маршрут: дрон павінен быў праляцець над Беларуссю, далей выйсці ў Польшчу, а пасля вярнуцца ў месца запуску ў Літве.

Размах крылаў беспілотніка — 1,5 метра, даўжыня дрона — 91 см. Унутры, заявілі ў сюжэце БТ, навігацыйнае абсталяванне, відэакамера, дзве карты памяці на 32 гігабайты.

https://www.tiktok.com/embed/v2/7578930953418984726?lang=pl-PL&referrer=https%3A%2F%2Fnashaniva.com%2F382591

«На лопасцях маюцца адзнакі Aeronaut Camz Carbon і адрас нямецкага сайта-вытворцы aeronaut.de», — заявілі на БТ. 

Міліцыя наракае, што дрон раскідваў маленькія папяровыя бел-чырвона-белыя сцяжкі.

«Мінск расцэньвае інцыдэнт як наўмысную правакацыю. Беларускі бок патрабуе ад Літвы: даць падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт, правесці расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, прыняць меры для недапушчэння паўтарэння падобных выпадкаў. Беларусь пакідае за сабой права на неабходныя меры для абароны суверэнітэту», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

У МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса і выказалі яму афіцыйны пратэст.