фота ілюстрацыйнае

Урад зацвердзіў новае палажэнне аб рэгістрацыі транспартных сродкаў. Дакумент цалкам замяняе нормы, якія дзеялі з 2002 года, і істотна змяняе парадак пастаноўкі на ўлік, зняцця з уліку і праверкі аўтамабіляў.

Згодна з апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале дакументам, адным з найбольш прыкметных новаўвядзенняў стала наўпроставая забарона на рэгістрацыю праварульных аўтамабіляў, якія раней не былі зарэгістраваныя ў Беларусі. Цяпер такія аўтамабілі не будуць ставіць на ўлік – уладальніку выдадуць афіцыйную адмову ў рэгістрацыі.

Абноўленыя правілы робяць больш жорсткім кантроль над ідэнтыфікацыйнымі нумарамі і тэхнічным станам аўтамабіля. Агляд становіцца абавязковым амаль ва ўсіх выпадках: інспектары павінны фіксаваць выгляд машыны, фатаграфаваць VIN пад кутом 45 градусаў і правяраць маркіроўкі. Калі VIN пашкоджаны, нечытэльны або выклікае сумневы, транспарт накіруюць на экспертызу, а рэгістрацыйныя дзеянні прыпыняць да атрымання высновы. У выпадках пацверджанага ўмяшання ДАІ мае права забараніць любыя аперацыі з аўтамабілем, уключаючы зняцце з уліку.

З’явілася і значна больш падставаў для адмовы ў рэгістрацыі. ДАІ зможа адмовіць, калі транспарт у вышуку, калі канструкцыя змененая без узгаднення, калі дакументы выклікаюць сумневы ці ўласнік не можа пацвердзіць права валодання. У дакуменце замацаваная і працэдура анулявання рэгістрацыі: калі аўтамабіль быў пастаўлены на ўлік паводле падробленых дакументаў або са змененымі нумарамі, рэгістрацыя прызнаецца несапраўднай, а ўсе наступныя ўгоды падлягаюць адмене. Нумары і дакументы ў такім выпадку давядзецца здаваць у ДАІ.

Адной з галоўных зменаў стала ўвядзенне асаблівых правілаў для аўтамабіляў, вырабленых у выніку «індывідуальнай творчасці». Уладальнікам такіх машын цяпер трэба прайсці некалькі этапаў: спачатку звярнуцца ў акрэдытаваную лабараторыю для праверкі адпаведнасці тэхнічнаму рэгламенту, затым атрымаць пасведчанне аб бяспецы канструкцыі і аформіць электронны пашпарт транспартнага сродку. Пасля гэтага машына можа быць зарэгістраваная, аднак са строгімі абмежаваннямі. У пасведчанне ўносяць адзнаку« зняцце з уліку забароненае», што робіць такія аўтамабілі пажыццёва прывязанымі да рэгістрацыйнага ўліку.

Значна змяніліся і правілы правядзення тэхнічнага агляду пры рэгістрацыйных дзеяннях. Цяпер агляд можна праходзіць у любым падраздзяленні Дзяржаўтаінспекцыі, незалежна ад месца рэгістрацыі аўтамабіля. Пасля агляду ён дзейнічае на працягу 30 дзён для любых рэгістрацыйных аперацыяў. Акрамя таго, адмененая неабходнасць для юрыдычных асобаў звяртацца ў вайсковыя камісарыяты для ўліку транспарту, прызначанага на мабілізацыйныя патрэбы.

Абнаўленні датычаць і аўтамабіляў, набытых у краінах ЕАЭС. Калі раней патрабавалася пацвярджаць факт зняцця машыны з уліку ў іншай краіне, цяпер гэтае патрабаванне адмененае. Такія аўтамабілі можна рэгістраваць у Беларусі без дадатковых праверак і даведак.

Белсат