Юрый Караеў падчас суботніку. Фота: Новости Гродно. Телеканал “Гродно Плюс” / Telegram

6 снежня ў Жыровічах адбыліся пазапланавыя работы па ўпарадкаванні, арганізаваныя кіраўніцтвам Гарадзенскай вобласці. 

Суботнік праходзіў пад кіраўніцтвам старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Юрыя Караева і аб’яднаў працаўнікоў аблвыканкаму, райвыканкаму і мясцовага сельсавету, паведамляе тэлеграм-канал «Новости Гродно. Телеканал “Гродно Плюс”».

Паводле Караева, прычынай тэрміновых работаў была ўвага, якую Лукашэнка звярнуў на занядбанасць ускраінаў аграгарадка падчас свайго апошняга візіту.

Караеў адзначыў, што тэрыторыі на прыватных надзелах каля Жыровічаў, дзе некалі былі агароды і садовыя пабудовы, за дзесяцігоддзі прыйшлі ў заняпад. Менавіта гэтыя «шанхайчыкі», як выказаўся Караеў, зрабіліся аб’ектам першачарговай увагі. Пасля прывядзення тэрыторыяў у парадак іх плануюць перадаць пад садова-агародныя ўгоддзі.

«Да 9 траўня ўсе работы, што выконваюцца мужчынскімі рукамі: знесці, прыбраць, упарадкаваць, – мы выканаем», – сказаў Караеў.

Памочнік кіраўніка дзяржавы Канстанцін Бурак адзначыў, што ўпарадкаванне Жыровічаў – частка больш шырокай працы, якую праводзяць ва ўсіх кірунках.

«Добраўпарадкоўваем не толькі гэтае мястэчка, праца ідзе ва ўсіх кірунках, у тым ліку актыўна ў навядзенні парадку на аб’ектах сельскай гаспадаркі, што мы, дарэчы, пасля гэтага суботніку працягнем з губернатарам рабіць, як і робім звычайна», – сказаў Бурак.

Таксама ён дадаў, што ў Жыровічах збіраюцца прывесці «ў належны выгляд» кожны закуток.

Суботнікі апошнім часам зрабіліся пашыранай формай прыцягнення да працы беларусаў. Іх асаблівасць у тым, што людзі не атрымліваюць грошай за сваю працу. А ўдзел у суботніках, як звычайна, добраахвотна-прымусовы. Цяпер у краіне праводзяцца два агульнарэспубліканскія суботнікі: першы прайшоў 12 красавіка, другі – 25 кастрычніка.

Заканадаўства не вызначае ніякіх лімітаў на колькасць суботнікаў, якія могуць быць праведзеныя ў арганізацыі цягам года. Таксама не прапісаны канкрэтны час ці працягласць гэтых мерапрыемстваў. Арганізоўваць суботнікі можна на самых розных роўнях: ад рэспубліканскага да лакальнага. Ініцыятарамі гэтых мерапрыемстваў могуць выступаць дзяржаўныя органы, розныя арганізацыі, працоўныя калектывы ці нават асобныя грамадзяне. Апошнім часам, як бачна, такіх ініцыятываў значна пабольшала.

Белсат