
КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» кааліцыю ініцыятыў Terra Group Event, SSL Production і незарэгістраваную арт-прастору «Склад бутэлек». Адпаведнае рашэнне было прынята 12 лістапада.
Паводле ведамства, да Terra Group Event і SSL Production маюць дачыненне Віталь Крыўко і Андрэй Ярашэвіч, а да «Складу бутэлек» — Валянцін Бахцінаў, Сяргей Салаш, Дзмітрый Бабіцкі, Аляксандра Вішнеўская, Анастасія Цярэшка, Валерыя Бельская, Юрый Душын, Вольга Стралкоўская, Кірыл Скабейка, Дзмітрый Кавалёнак і Сяргей Статкевіч.
Terra Group Event і SSL Production — буйныя польскія івэнт-агенцтвы.
Terra Group Event арганізоўвала мерапрыемствы і тімбілдынгі для IT-кампаній, у тым ліку Wargaming, Softswiss і Andersen. Менавіта ў гэтай кампаніі працаваў Анатоль Котаў перад знікненнем.
Котаў — былы дзяржаўны службовец, які пасля выбараў 2020 года выехаў у Польшчу і далучыўся да апазіцыйнага руху. 21 жніўня ён вылецеў з Варшавы ў турэцкі Трабзон, пасля чаго, паводле не пацверджаных звестак, пакінуў Турцыю на прыватнай яхце ў бок Сочы. Дакладных даных пра ягоны маршрут або месцазнаходжанне няма.
SSL Production ладзіць мерапрыемствы ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Грэцыі, Турцыі і Літве.
«Склад бутэлек» — гэта арт-прастора ў Барысаве, дзе праводзіліся культурніцкія падзеі.
Праваабаронцам вядома, што восенню ў Барысаве затрымалі каля 10–15 чалавек паводле адміністрацыйных спраў і трымалі на «сутках». Цяпер, верагодна, некаторыя з іх сталі фігурантамі крымінальнай справы за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (арт. 361-1 КК).
