
Еўразвяз вылучыць у 2026 годзе дадаткова 30 мільёнаў еўра для дэмакратычнага руху Беларусі. Пра гэта на канферэнцыі 8 снежня паведаміла еўракамісарка па пашырэнні ЕЗ Марта Кос.
“Бліжэйшымі гадамі ЕС прадаставіць дадатковую дапамогу народу Беларусі на 30 мільёнаў еўра. Такім чынам, агульная сума нашай падтрымкі з моманту фальсіфікацыі выбараў перавысіць 200 мільёнаў еўра”, — перадае выданне DW словы еўракамісаркі.
Паводле яе, гэтая дапамога дазволіць беларускім праваабаронцам падтрымліваць ахвяраў рэпрэсій, а журналістам і грамадзянскай супольнасці — працягваць змаганне за дэмакратычныя перамены ў краіне.
Таксама Марта Кос нагадала, што Еўразвяз падтрымлівае беларускіх палітвязняў пасля іх вызвалення. “Мы падалі юрыдычную і медыцынскую дапамогу больш чым 7500 людзям, стыпендыі — больш як 3500 студэнтам і падтрымалі тысячы кампаній у выгнанні”, — канстатавала еўракамісарка.
8 снежня ў Еўрапарламенце ў Брусэлі праходзіць канферэнцыя “Беларусь: стварэнне асноваў для дэмакратычных пераменаў”. У ёй прымаюць удзел чальцы Еўракамісіі, еўрадэпутаты, а таксама прадстаўнікі дэмакратычнага руху Беларусі, у тым ліку Святлана Ціханоўская.
