З 1 студзеня бягучага года ў Беларусь прыбылі 210 730 чалавек з 38 краін, уключаных у спіс бязвіза. Бальшыня падарожнікаў прыехалі з суседніх Літвы, Латвіі і Польшчы. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.

Усяго з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведалі 1 242 466 жыхароў Еўропы (з гэтага дня ўведзены бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для грамадзян Літвы і Латвіі, а таксама асобаў, якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі, з 1 ліпеня 2022 года – для грамадзян Польшчы). Так, з Латвіі прыбылі 399 582 чалавекі, з Літвы – 658 321, з Польшчы – 129 829. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехалі 54 734 чалавекі.

У пагранічным ведамстве нагадалі, што Лукашэнкам прынята рашэнне аб прадаўжэнні бязвізавага ўезду для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2025 года ўключна. Падрабязная інфармацыя аб бязвізавым наведванні Беларусі размешчана ў спецыяльным раздзеле інфармацыйнага партала ДПК і мабільным дадатку “Граница Беларуси”.