
8 снежня адзначаецца 34-я гадавіна падпісання Белавежскага пагаднення, якое паклала канец існаванню Савецкага Саюза і стварыла Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Дакумент быў падпісаны 8 снежня 1991 года ў Белавежскай пушчы кіраўнікамі Беларусі, РСФСР і Украіны: Станіславам Шушкевічам, Вячаславам Кебічам, Барысам Ельцыным, Генадзем Бурбулісам, Леанідам Краўчуком і Вітольдам Фокіным.
Кіраўнік Таварыства «Беларуская дыяспара ў Польшчы» Аляксей Дзікавіцкі ў размове з Беларускім Радыё Рацыя адзначае важнасць тых падзей для Беларусі:
– Відавочна, гэта адна з важнейшых падзеяў мінулага стагоддзя. Для значнай часткі людзей гэта была радасная падзея. Тады абсалютна не верылася ў тое, што праз некалькі гадоў у Беларусі пачне нараджацца аўтарытарная сістэма, якая перарасце ў дыктатуру, а Расея збочыць з дэмакратычнага шляху, што зноў пачне паказваць свае імперскі кіпцюры. Тады гэта падавалася малаверагодным.
Дзікавіцкі падкрэслівае, што сёння, праз 34 гады, важна не толькі памятаць гэты момант гісторыі, але і аналізаваць яго ўплыў на сучасныя падзеі. Актуальнымі застаюцца пытанні фарміравання беларускай дыяспары за мяжой; магчымасць захавання беларускай культуры і мовы; удзел у міжнародных дыскусіях аб правах і бяспецы беларусаў.
