
Па колькасці зняволеных журналістаў Беларусь займае ў свеце чацвёртае месца, паведамляе праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў”. Паводле іх звестак, па стане на 1 снежня пад вартай знаходзіліся 503 журналісты ў 47 краінах свету.
Першую тройку склалі Кітай (121 журналіст за кратамі), Расея (48) і М’янма (47). Наша краіна займае чацвёртае месца (33), за ёй ідуць В’етнам (28), Азербайджан (25) і Іран (21). Калі лічыць суадносна колькасці насельніцтва, то Беларусь апынецца на сумным і ганебным першым месцы.
Расея таксама адзначаная як краіна з найбольшай колькасцю зняволеных замежных журналістаў. Як сведчаць “Рэпарцёры без межаў”, у Расеі пад арыштам знаходзяцца 26 украінскіх журналістаў. На другое месца арганізацыя паставіла Ізраіль — 20 палесцінскіх журналістаў пад вартай. Апошняе якраз выклікае сумнеў, паколькі пад “палестынскімі журналістамі” часта хаваюцца якраз тэрарысты.
Таксама паведамляецца, што за апошні год па ўсім свеце былі забітыя 67 журналістаў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі. 53 з іх сталі ахвярамі войнаў або злачынных груповак. Найбольш небяспечным для журналістаў з’яўляецца сектар Газа: там загінулі 29 чалавек. За ім ідзе Мексіка (9). Раёнамі высокай небяспекі для рэпарцёраў называюць таксама Украіну, якая працягвае абараняцца ад расейскай агрэсіі, а таксама Судан і Сірыю.
