
фота VSAT
У звязку з тым, што плыні метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія ляцяць з боку Беларусі ў Літву і перашкаджаюць працы мясцовых аэрапортаў, не спыняюцца, літоўскі ўрад 9 снежня ўвёў рэжым надзвычайнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны.
МУС Літвы абяцае, што рэжым НС не створыць нязручнасцяў для насельніцтва, бо «меры, якія прымаюцца, будуць адраснымі і сувымернымі, скіраванымі вылучна на арганізатараў і выканаўцаў супрацьпраўнай дзейнасці».
У звароце да ўраду МУС тлумачыць, што пастаянны запуск метэзондаў з кантрабандай падчас гібрыдных атакаў, якія здзяйсняюцца Беларуссю, уяўляе сабой пагрозу для грамадзянскай авіяцыі Літвы і парушае працу Віленскага аэрапорту.
У выніку, як адзначае міністэрства, губляецца магчымасць перавозкі пасажыраў і грузаў паветраным транспартам, узнікаюць значныя фінансавыя страты і выходзіць рэпутацыйная шкода.
Згодна з Пералікам надзвычайных сітуацыях і іх крытэраў, выпадкі, калі паветранае злучэнне перарываецца на 6 і больш гадзінаў, калі хаці б адзін з аэрапортаў краіны не можа здзяйсняць пасажыраперавозкі і грузаперавозкі, варта расцэньваць як надзвычайную сітуацыю.
Ад пачатка кастрычніка было зафіксавана некалькі выпадкаў закрыцця віленскага аэрапорту на больш працяглы час.
Рэжым надзвычайнай сітуацыі, паводле МУС, дазволіць ведамствам яшчэ больш шчыльна каардынаваць дзеянні і атрымаць падтрымку воінскіх частак.
Пра тое, што ўрад плануе абвесціць надзвычайную сітуацыю, раней паведаміла прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене. У панядзелак 8 снежня генеральны камісар паліцыі Літвы Артурас Паўлаўскас сказаў радыё LRT, што такая мера можа дапамагчы супрацоўнікам паліцыі больш эфектыўна перадухіляць і расследаваць злачынствы, звязаныя з кантрабандай, якая дастаўляецца праз паветра.
Адначасна 9 снежня кіраўніком дзяржаўных аперацыяў у надзвычайных сітуацыях быў прызначаны міністр унутраных справаў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.
