Лукашэнка сваім указам падоўжыў бязвізавы рэжым для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года.

Умовы бязвізу застаюцца ранейшымі: грамадзяне гэтых краін могуць перасякаць дзяржаўную мяжу праз усе аўтадарожныя і чыгуначныя міжнародныя пункты пропуску, выкарыстоўваючы сапраўдныя дакументы для выезду за мяжу.

Тэрмін знаходжання ў Беларусі складае да 30 дзён, а для грамадзян Польшчы, Літвы, Латвіі і асоб са статусам неграмадзян Латвіі — да 90 дзён.

Правам на бязвізавы ўезд можна карыстацца неабмежаваную колькасць разоў, але агульная колькасць дзён знаходжання ў Беларусі па бязвізе не павінна перавышаць 90 дзён на працягу каляндарнага года.

Таксама захоўваецца бязвізавы парадак уезду праз аэрапорты. Іншаземцы, якія прыляцелі без візы, могуць транзітам праязджаць праз Беларусь у трэція краіны, акрамя Расейскай Федэрацыі.

Гэты парадак не распаўсюджваецца на ўладальнікаў дыпламатычных, службовых, спецыяльных і прыраўнаных да іх пашпартоў. Уладальнікі біяметрычных дыпламатычных пашпартоў краін ЕС могуць уязджаць, выязджаць і праходзіць транзітам праз Беларусь без візы ў адпаведнасці з дамовай паміж Беларуссю і ЕЗ аб спрашчэнні візавай сістэмы.

У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі сцвярджаецца, што з 1 студзеня 2025 года ў Беларусь па бязвізе прыбыло больш за 210 тысяч замежных грамадзян.

Бязвізавы рэжым з для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы Лукашэнка ўвёў у 2022 годзе, для яшчэ 35 краін Еўропы — летам 2024-га.