10 снежня 2022 году ў Осла адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У тым годзе прэстыжную прэмію атрымалі адразу тры намінанты: кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі, украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод» і расійскі «Мемарыял».

Алесь Бяляцкі з ліпеня 2021-га году ўтрымліваецца за кратамі, таму прэмію замест праваабаронцы атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук. Яна выступіла з моцнай прамовай і перадала словы Алеся з-за кратаў:

«Марцін Лютэр Кінг заплаціў за сваю мару жыццём, яго застрэлілі. Мая плата за маю мару меншая, але ўсё роўна за яе даводзіцца плаціць. Я не шкадую ні кроплі. Бо мая мара вартая гэтага. Мае ідэалы сугучныя з ідэаламі маіх старэйшых сяброў і духоўных настаўнікаў чэха Вацлава Гавела і беларуса Васіля Быкава. Абодва яны прайшлі празь вялікія жыццёвыя выпрабаваньні, абодва багата чаго зрабілі для сваіх народаў і культуры, абодва змагаліся за дэмакратыю і правы чалавека да апошніх хвілінаў свайго жыцця».