
Беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык Мікола Арочка нарадзіўся 10 снежня 1930 года ў вёсцы Вецявічы (Слонімскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. Скончыў Азярніцкую сярэднюю школу Слонімскага раёна, філалагічны факультэт Беларускага дзяржуніверсітэту. Працаваў у часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі» (1956-1960) і ў газеце «Літаратура і мастацтва»(1962). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1966 год), абараніў доктарскую дысертацыю. Шмат гадоў працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук БССР. Быў сябрам Саюзу пісьменнікаў.
Дэбютаваў у друку вершамі Мікола Арочка ў 1949 годзе ў баранавіцкай абласной газеце “Чырвоная звязда. Ужо ў ранніх паэтычных радках паэта абазначаліся матывы, вобразы, якія сталі, па сутнасці, галоўнымі ў яго паэзіі – гэта Бацькаўшчына, зямля, жыта, жыццё, родная мова… Паэтызацыя бацькоўскай зямлі і свету родных людзей пачалася з першых творчых крокаў і доўжыліся да скону. Мянялася жыццё, а разам з ім мяняўся ракурс яго спасціжэння, паглыбляліся каардынаты вымярэння. Мастацкае слова Міколы Арочкі было прасякнутае турботай пра высокую духоўнасць, клопатам пра гістарычную жыццяздольнасць свайго народа і яго невычэрпныя патэнцыяльныя магчымасці.
Мікола Арочка належаўда пакалення, дзяцінства якогабылоапалена вайной. Але памяць пра ўласна зведанае ажывалана старонках кніг не адразу, а ў 1960-ыя гады, калі дастатковы жыццёвы і творчы вопыт надаў эмоцыям асэнсаваны характар. Падвышаная ўвага да лёсу народа, яго вялікіх выпрабаванняў і драм усё больш схіляла аўтара да спазнання мінулага.
У паэтычных творахМіколы Арочкі, як піша Міхась Скобла,жыла і змагалася Заходняя Беларусь, падымала народ стотысячная Грамада, галадалі палітзняволеныя на Лукішках. Ён ажыўляў гісторыю. Яшчэ ў 1970-ыя гады, калі ў айчыннай гістарыяграфіі панавала “абэцэдаршчына”, паэт напісаў дзве выдатныя драматычныя паэмы– “Курганне”і “Крэва”, якія выйшлі пад адной вокладкай у 1982годзе, дзе вялікія князі Ягайла і Вітаўт звярталіся да чытача на дзяржаўнай мове Вялікага Княства Літоўскага – беларускай.
У 1991 годзе асобнай кнігай у Менску выйшла з друку новая драматычная паэма Міколы Арочкі “Судны дзень Скарыны”. У ёй аўтар разважае і імкнецца зразумець: у чым была драма Францішка Скарыны – нашага першадрукара? Слаўны дзеяч Адражэння не змог адшукаць на сваёй Бацькаўшчыне сярод духоўных іерархаў і магнатаў паразумення і матэрыяльнай падтрымкі для сваёй жыццёва важнай справы – выдання кніг на мове, з якой Бог “на свет пусціў”. У апошнія гады свайго жыцця паэт паспеў напісаць яшчэ адзін свой гістарычны твор – драматычную паэму “Каранацыя Міндоўга”.
Асноўныя рысы ўсёй паэзіі Міколы Арочкі – сардэчнасць, засяроджаны роздум пра жыццё і час; пазней – паглыбленне філасофскага пачатку, зварот да перажытага падчас вайны (паэма “Матчына жыта”) і гістарычнага мінулага яго найвыдатнейшых драматычных паэм.
Пасля трагічнай смерці двух яго сыноў, Мікола Арочка з жонкай Марыяй Іванаўнай і ўнукам Віталікам прыехалі ў родную вёску на Слонімшчыну. Там ён і пражыў свае апошнія дваццаць тры гады. Памёр літаратуразнавец 2 сакавіка 2013 года. Пахаваны ў Вецявічах побач з сынамі. На магіле ў вёсцы жонка і ўнук Міколы Арочкі паставілі яму помнік.
