
11 сьнежня, 5 гадоў таму (2020) у Гародні ў шпіталі памёр Аляксандр Місцюкевіч, беларускі грамадзкі актывіст, краязнавец, сябра ТБМ. Пахаваны на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў.
Яго выбралі на пасаду старшыні Гарадзенскай абласной рады ТБМ, пасля таго, як яе пакінуў прафесар Павал Сцяцко. Выбар на Аляксандра Місцюкевіча выпаў з-за ягонага парадку, як тэхнічнага чалавека, самаарганізацыі і ў галаве і ў планах арганізацыі.
На пачатку яго кіравання ягоная дзейнасць, як грамадскага дзеяча, была строга рацыянальнай, такой і засталася, нават, калі ён пайшоў з кіраўніцтва. Усё адно да канца свайго жыцця быў адданым беларускім патрыётам, дапамагаў, дзе мог. Адзінае, гэта цяжкавыканальная задача, праца з медыямі, каб данесці праз іх людзям сутнасць моўных праблемаў, якіх толькі большала, асабліва пасля тарпедавання нацыянальнай палітыкі, рабілі іншыя, і не зусім удала. Бо лукашэнкаўская палітыка у кірунку расейскай рэстаўрацыі ў Беларусі, спарадзіла новы від чыноўніка.
Таварыства Беларускай Мовы было валанцёрскай арганізацыяй, і таму, ён, як чалавек не завадатарскага характару, ня мог змусіць кагосьці з сяброў выконваць пэўныя даручэнні, таму шмат за што даводзілася рабіць самому, альбо зацугляўшыся ў двойцы, з такімі ж, як ён беларусамі-«тэхнарамі», якія ўмелі арганізаваць адказную працу і цягнулі яе.

Разам з Аляксандрам Талерчыкам цягам колькіх гадоў, яны вялі актыўны дыялог з уладамі, наконт вонкавага афармлення на роднай беларускай мове, гарадзенскіх аб’ектаў ды устаноў. Варта прыгадаць гісторыю са зніклай ходнікавай пліткай, якой безліч было у цэнтры Гародні, некаторыя часткі якой мелі ўзрост ад паўтара стагоддзя, і таямнічым чынам зніклі, то расследаванне гэтае трывала дзясяткі год, што не давала спакою ўладам. На жаль, гэтая тэма, хвалявала толькі пару-тройку гарадзенцаў. Таму чыноўнікі што хацелі, тое і рабілі. Ды раздражнёна рэагавалі на законныя патрабаванні Аляксандра Іванавіча з сябрамі, якія прад’яўлялі зыск: дзе, маўляў, плітка? Нарэшце справа занікла. Бясконцае ліставанне і паходы да чыноўнікаў паказалі, што яны гатовыя пісаць адпіскі да канца свету. А старая плітка, што выраблялася ў Гародні цягам усяго дваццатага стагоддзя, і нават раней, амаль уся вывезеная іх стараннямі, у «невядомым» кірунку, а частку паклалі ўсё ж на ганку Новага каралеўскага Замку, як ілюстрацыю мінуўшчыны.
Аляксандар Місцюкевіч быў краязнаўцам, напісаў кнігу, краязнаўчы нарыс «Падарожжы па родных мясьцінах», дзе даў звесткі пра уласны радавод і падаў уласную біяграфію. Паводле веравызнання вярнуўся да веры сваіх бацькоў – Уніяцтва. Асноўным яго працоўным заняткам была электраэнэргетыка.

Аляксандр Місцюкевіч перанёс інфаркт і некалькі інсультаў. Але не адмовіўся ад грамадскіх справаў, хоць блізкія і сваякі імкнуліся разгрузіць ад дадатковага стрэсу і напружання эмацыйных сілаў.
Ковід у канцы 2020 году супыніў бег ягонага жыцця. На пахаванні на могілках «Сакрэт» было мала людзей, бо пошасць тады шугала па ўсёй Гародні…
