
фота архіўнае
Сярод вызваленых – Алесь Бяляцкі!
Сёння на свабоду выйшлі больш за 100 чалавек. Частку палітвязняў вязуць у Вільню. Вызваленне адбылося пасля двухдзённых перамоў спецпасланніка Трампа Джона Коўла і Лукашэнкі.
Прэс-служба Лукашэнкі абвясціла пра вызваленне 123 чалавкек. «У рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і па яго просьбе, у сувязі з адменай незаконных санкцый супраць калійной галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных Адміністрацыяй папярэдняга Прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную плоскасць працэсу адмены іншых незаконных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь» Лукашэнкам было прынята рашэнне аб памілаванні 123 грамадзян розных краін.
Згодна з паведамленнем, з канца лістапада Лукашэнкам памілавана 156 чалавек. Сярод іх — грамадзяне Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі, Японіі.
Першай навіною пра вызваленых палітвязняў стала тое, што Марыя Калеснікава на свабодзе. Яна ўжо паразмаўляла з сястрой, Таццянай Хоміч.
Сярод вызваленых сёння зняволеных — пяць грамадзян Украіны.
