
20 снежня – 185 гадоў таму (1840) – У в. Дэмбрава (Шчучынскі р-н) нарадзіўся Казімір Альхімовіч, мастак, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг.

Ваколіцы Дэмбрава
Паходзіў з небагатага шляхецкага роду Дамініка Альхімовіча. Скончыў Віленскую гімназію, дзе атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю. На фармаванне творчай індывідуальнасці будучага мастака значны ўплыў зрабіў Канут Русецкі, творчая дзейнасць якога была ў цэнтры мастацкай грамадскасці Вільні. Пасля гімназіі некаторы час працаваў аканомам у адным з маёнткаў пад Кіевам.

аўтапартрэт
У 1863 годзе разам з малодшым братам Гіяцынтам удзельнічаў у вызвольным паўстанні. Быў арыштаваны і высланы ў Сібір – за Урал у Верхатур’е. Асаблівага кампрамату на яго не знайшлі, таму пераслед быў дастаткова мяккім паводле маштабаў рэпрэсій. У 1869 годзе вызвалены з ссылкі па амністыі. У 1871-73 гадах жыў у Варшаве, вучыўся ў мастацкай школе, якой кіраваў выхаванец Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Войцэх Герсан. Удзельнічаў у варшаўскіх мастацкіх выставах. Неаднаразова наведваў родныя мясціны на Шчучыншчыне.

Першыя мастацкія працы мастака былі створаны пад уплывам сібірскай ссылкі: “Смерць у выгнанні”, “Пахаванне на Урале” (каля 1873 г.). Пасля Варшавы працягваў вучобу ў Мюнхенскай акадэміі мастацтваў, якую скончыў у 1875 годзе. Займаўся там пад кіраўніцтвам прафесара Вагнера. За свае працы атрымаў некалькі сярэбраных і залатых медалёў. У 1876-78 гадах вучыўся ў Парыжы. Некаторы час жыў у французскіх гарадах Авон і Фантанбло. З 1878 года (паводле іншых звестак з 1880-га) жыў у Варшаве, паспяхова ўдзельнічаў у выставах Варшаўскага таварыства заахвочвання мастацтваў і Салона ў Парыжы.

Сюжэты для сваіх палотнаў “Хрысціянскія пакутнікі”, “Пасля бітвы”, “Пахаванне Гедыміна” і іншых браў з гістарычнага мінулага. Карціна “Пахаванне Гедыміна” атрымала сусветную ведамасць, яна экспанавалася на выставах у Варшаве, Пецярбургу, Львове, Сан-Францыска.
Карціны “Паганскія жрацы”, “Малітвы пакутнікаў”, “Багіня кахання Мільда”, “Смерць Маргера”, “Ліздзейка з дачкой на руінах царквы Пяруна”, “Апошні жрэц Літвы з дачкой Плёнтай” сведчаць пра выдатнае веданне мастаком гістарычнага мінулага.
У 1880-ыя гады Альхімовіч стварыў гістарычныя палотны “Смерць Глінскага ў турме”, “Падрыхтоўка да смерці Самуіла Збароўскага”. У многіх карцінах творца ствараў вобразы манархаў і вайсковых начальнікаў: “Абарона Ольштына”, “Вясельныя ўрачыстасці Жыгімонта Аўгуста”, іншыя.

Мастак плённа працаваў і ў бытавым жанры. Паводле замалёвак і эскізаў, зробленых ў родным Дэмбраве, напісаны творы “Жніво”, “Дажынкі”, “Хата селяніна”, “Дзеці пад лесам”, “Найманне работнікаў”. Альхімовіч вядомы таксама як графік, у тэхніцы літаграфіі выканаў шматлікія ілюстрацыі да твораў Адама Міцкевіча (“Пана Тадэвуша”), Юліяша Славацкага, Юзафа Крашэўскага, іншых пісьменнікаў.
У гісторыю выяўленчага мастацтва Казімір Альхімовіч увайшоў як майстар глыбока эмацыйнай псіхалагічнай кампазіцыі. Пра асабістае жыццё мастака ведама вельмі мала.
Казімір Альхімовіч акрамя карцін маляваў таксама на фаянсе і парцэляне, рэзаў па дрэве. Стварыў паліхромную аздобу інтэр’еру касцёлу ў Старой Блотніцы (Мазавецкае ваяводства). Разам з іншымі распісаў касцёл святой Кацярыны ў Пецярбургу.
Пахаваны ў Варшаве на могілках Павонзкі. У пачатку 1990-ых у Дэмбраве прайшла канферэнцыя, прысвечаная Казіміру Альхімовічу. Планавалася ўсталяванне мемарыяльнай дошкі на будынку мясцовай школы, якое не было здзейснена. У 2016 годзе ў Менску выйшла кніжка Сяргея Гваздзёва “Казімір Альхімовіч. Жывапісец беларускай мінуўшчыны”. У Гародні ў яго гонар названа адна з вуліц.

магіла Казіміра Альхімовіча
