
21 снежня ў Беластоку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з зняволеным у Беларусі журналістам і дзеячам Саюзу палякаў Анджэем Пачобутам, а таксама іншымі палітвязнямі. Усяго сабралася каля 40 чалавек – беларускія і польскія грамадскія актывісты, журналісты, праваабаронцы.
Выступоўцы расказалі навіны і характарызавалі сітуацыю апошняга часу. Дарадца маршалка Сената Малгажаты Кідавы-Блоньскай па справах польскай дыяспары Роберт Тышкевіч і старшыня падляшскай філіі Анна Кетліньска расказалі пра перадачу ў Еўрапарламенце прэміі імя Сахарава дачцэ зняволенага журналіста Яне Пачобут. Выступілі таксама беларускія грамадскія актывісты.



25 сакавіка 2021 году Анджэй Пачобут быў затрыманы ў Гародні і кінуты ў турму. Пазней журналіста і дзеяча Саюзу палякаў у Беларусі засудзілі да вялікага тэрміну зняволення – 8 гадоў. Цяпер ён па-ранейшаму ў Наваполацкай калоніі. У зняволенні Пачобут ужо 4 гады і амаль 9 месяцаў.
22 кастрычніка зняволены Анджэй Пачобут быў уганараваны прэміяй імя Андрэя Сахарава. А 11 лістапада Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ўзнагародзіў Пачобута Ордэнам Белага Арла. 16 снежня ў Еўрапарламенце прэмія Сахарава была пераданая дачцэ Пачобута.







