
Былы палізняволены Максім Сенік з «Гродна Азоту» расказаў на прэс-канферэнцыі, як яго пры затрыманні спрабаваў вербаваць КДБ Гродна. Прапаноўвалі, каб паехаў за мяжу і зліваў інфармацыю пра актывістаў. Мужчына адмовіўся.
На наступны дзень Максім сказаў, што гатовы прыняць прапанову — супрацоўнічаць з КДБ ён не збіраўся, проста хацеў з’ехаць у Польшчу і знікнуць там. Спецслужбісты сказалі, што не вераць яму.
Сенік расказаў, што яго ў калоніі №2 у Бабруйску білі за моцнае храпенне.
«Мяне білі, не давалі спаць. Былі такія ўмовы пастаўленыя — або я не сплю, або ніхто не спіць. Прынялі рашэнне, што я не буду спаць. Мяне перавялі ў іншы атрад. Але там ужо не білі, а палівалі вадой з бутэлькі. Здымалі коўдру, хавалі, каб я не мог спаць. Пасля я пачаў прасіцца ў ШІЗА, пасля ў ПКТ. Там таксама было нясоладка».
У зняволенні ў мужчыны пачаліся праблемы са здароўем, на холадзе застудзіў мачавы пухір.
«Скоцкія ўмовы», — кажа Сенік пра ўмовы за кратамі.
Сенік расказаў таксама, што ў калоніі вязні рабілі скрыні для снарадаў і куляў.
«Працуюць пад прыкрыццём, нібыта беларускі бок замаўляе, а не Расія. І вельмі вялікімі партыямі. Зразумела, што столькі Беларусі не трэба», — падзяліўся ён.
Пра тое, што ў папраўчых калоніях арганізавана вытворчасць драўляных скрынь для транспартавання гатовых боепрыпасаў, паведамляў і «Белпол».
Максіма Сеніка затрымалі 10 студзеня 2022 года. Ён быў сябрам незалежнага прафсаюза «Гродна Азот». Затрымалі мужчыну за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і за рэпосты ў сацыяльных сетках. Яго абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса — «абраза Аляксандра Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368), «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361‑4 і ч. 1 арт. 361-2). Сеніку далі 4 гады калоніі. Мужчына быў у калоніі №2 у Бабруйску. На волю ён выйшаў 13 снежня ў складзе групы з іншымі палітвязнямі.
Наша Ніва
