
У Беларусі пачалася падрыхтоўчая праца да будаўніцтва трэцяга энергаблока Астравецкай АЭС. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз. Ён нагадаў, што адпаведнае рашэнне было прынятае на нарадзе ў Лукашэнкі 14 лістапада.
Міністэрства энергетыкі і профільныя дзяржаўныя органы сфармавалі план першачарговых мерапрыемстваў, рыхтуецца пакет міжнародных пагадненняў, якія плануюцца да падпісання з расейскім бокам. З кіраўніцтвам расейскай дзяржкарпарацыі “Расатам” абмяркоўваюцца фінансавыя, тэхналагічныя, арганізацыйныя аспекты па праекце.
Нагадаем, што першы энергаблок Астравецкай АЭС увялі ў эксплуатацыю ў чэрвені 2021-га, а другі — у лістападзе 2023 года. Увесці ў дзеянне трэці блок плануецца ў 2035 годзе.
Паралельна вядзецца работа па вывучэнні перспектыў будаўніцтва другой АЭС — у Магілёўскай вобласці.
Таксама супраца з расейцамі працягваецца і ў рамках праекта па ўзвядзенню ў Беларусі пункта пахавання радыеактыўных адкідаў, заявіў міністр. Расейскія эксперты дапамагаюць беларускім калегам рыхтаваць кадры, асвойваць неабходныя кампетэнцыі, весці падрыхтоўку да будаўніцтва гэтага аб’екта.
