
У сувязі з актывізаванай практыкай прымусовай высылкі з Беларусі памілаваных палітычных зняволеных, што набывае масавы і сістэматычны характар, мы, кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый заяўляем наступнае:
Мы вітаем вызваленне 175 чалавек (52 – 11 верасня 2025 г. і 123 – 13 снежня 2025 г.), з якіх 163 былі раней асуджаныя ў парушэнне прававых стандартаў у выніку палітычна матываванага пераследу, як і іншыя вызваленні, якія адбыліся раней (у прыватнасці, 21 чэрвеня 2025 г.). Мы выказваем надзею, што падобныя вызваленні працягнуцца, і па-ранейшаму заклікаем беларускія ўлады праяўляць дальнабачнасць у пераадоленні гуманітарнага крызісу, што склаўся ў краіне.
Разам з тым, мы выказваем сур’ёзную занепакоенасць тым, як менавіта рэалізуюцца гэтыя вызваленні. Вызваленыя асобы зазнаюць гвалтоўнае перамяшчэнне да межаў суседніх дзяржаў, а менавіта беларуска-літоўскай і беларуска-ўкраінскай межаў. Некаторыя з вызваленых паведамлялі, што перамяшчэнні адбываліся з мяшкамі на галовах, у кайданках. Гэта ўсё ажыццяўлялася ў парушэнне базавых працэсуальных гарантый свабоды, без забеспячэння магчымасці прававой абароны, уключна з доступам да неабходных дакументаў і прававой дапамогі.
Акрамя таго, перамяшчэнне людзей на тэрыторыю Украіны — дзяржавы, якая знаходзіцца ў стане ўзброенага канфлікту, — у непасрэдную блізкасць да зоны баявых дзеянняў, уяўляе сабой дадатковы фактар сур’ёзнай фізічнай небяспекі і глыбокага псіхалагічнага ўзрушэння для людзей, што правялі доўгі час у месцах пазбаўлення волі ў негуманных умовах утрымання і з гэтай нагоды ўжо знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы.
Вызваленыя асобы, гвалтоўна вывезеныя за межы Рэспублікі Беларусь, фактычна апынуліся ў сітуацыі прымусовага выгнання і былі пазбаўленыя магчымасці вярнуцца на радзіму. Некаторыя з іх пазбаўленыя пашпартоў. Такія дзеянні беларускіх уладаў прама парушаюць як нацыянальнае заканадаўства, так і міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі, і робяць яшчэ больш уразлівым становішча людзей, якія ўжо панеслі несправядлівае пакаранне. Паводле паведамленняў беларускіх уладаў, яны былі памілаваныя і вызваленыя ад пакарання, бо няма ўказанняў на памілаванне шляхам замены пакарання на больш мяккае, што азначае, што ўсе гэтыя людзі мусяць быць вольныя. Прымусовая высылка, што ажыццяўляецца фактычна пад канвоем адразу з месцаў несвабоды, у першую чаргу парушае іх права на асабістую свабоду (арт. 25 Канстытуцыі, арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), а таксама свабоду перамяшчэння (арт. 30 Канстытуцыі, арт. 12 (п. 4) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). Грамадзяне і асобы, што да іх прыраўнаваныя, маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама пакідаць і вяртацца ў яе.
У дачыненні да прымусовага вывазу вызваленых людзей ва Украіну, з нагоды наўмыснага стварэння дадатковай сітуацыі небяспекі для жыцця і здароўя, можна казаць, як мінімум, аб парушэнні права на жыццё (арт. 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), бо абавязальніцтва паважаць і забяспечваць права на жыццё распаўсюджваецца на разумна прадказальныя пагрозы, а таксама на сітуацыі што пагражаюць жыццю, якія могуць прывесці да гібелі людзей.
Звяртаем увагу, што ў адпаведнасць з арт. 7 (1) (d) Статута Міжнароднага крымінальнага суда, такія дзеянні ўладаў, якія здзяйсняюцца ў межах дзяржаўнай палітыкі, маштабна або сістэматычна, могуць быць кваліфікаваныя як злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе дэпартацыі. Кожная наступная высылка толькі ўзмацняе такую кваліфікацыю, пацвярджаючы прыкметы дэпартацыі як злачынствы супраць чалавечнасці.
Падобная прымусовая высылка вызваленых палітвязняў пазбаўляе іх цалкам або часткова яшчэ цэлага шэрагу базавых правоў, без якіх немагчымае нармальнае жыццё. У прыватнасці, парушаюцца правы, звязаныя з сямейнымі адносінамі, маёмасныя, жыллёвыя, працоўныя правы, права на здароўе, права на сацыяльнае забеспячэнне ды іншыя правы.
У сувязі з выкладзеным мы заклікаем улады Рэспублікі Беларусь:
- паважаць і безумоўна выконваць замацаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь права грамадзян на асабістую свабоду і права на свабоду перамяшчэння, якое ўключае права бесперашкодна вяртацца ў Беларусь;
- не ствараць сітуацыі дадатковай небяспекі і пагрозы, выконваючы права грамадзян на жыццё;
- спыніць практыку прымусовай высылкі грамадзян Рэспублікі Беларусь пасля вызвалення;
- забяспечыць вызваленых людзей дакументамі і даць ужо прымусова высланым магчымасць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, а людзям, якіх плануецца вызваліць у будучыні — права свабодна выбіраць месца свайго знаходжання.
Заклікаем прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і замежных дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у перамовах па вызваленні: - прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практыкі прымусовай высылкі вызваленых грамадзян Рэспублікі Беларусь;
- аказваць максімальнае садзейнічанне ў легалізацыі на тэрыторыі замежных дзяржаў прымусова высланым грамадзянам Рэспублікі Беларусь.
Human Constanta;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН;
Respect-Protect-Fulfill;
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Прававая ініцыятыва;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Права на абарону.
