
Лукашэнка прызначыў Канстанціна Бычака кіраўніком Следчага камітэта.
Бычак дагэтуль быў самым медыйным супрацоўнікам КГБ, асабіста лятаў у В’етнам, каб арыштаваць каліноўца Васіля Верамейчыка. Да апошняга моманту ён працаваў начальнікам следчага ўпраўлення КГБ.
Канстанціну Бычаку — 39 гадоў. Ён нарадзіўся ў Гарадку Віцебскай вобласці. Яго бацька Фёдар Бычак працаваў начальнікам фінансавага аддзела ў райвыканкаме і ўваходзіў у раённы Савет дэпутатаў у 2014—2018 гадах.
Канстанцін Бычак жанаты, мае сына і дачку. Жонка Дар’я працавала ў віцебскай паліклініцы і Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы (імаверна, на адміністрацыйных пасадах).
Паводле «Белпола», да 2020 года Бычак усяго тры разы бываў за мяжой: ва Украіне ў 2012 годзе, у Расіі і Грузіі ў 2019 годзе.
З баз сілавікоў быў вядомы ранг Бычака ў КДБ — палкоўнік. Апошнія гады дзяржаўныя СМІ прадстаўлялі яго як «намесніка начальніка Следчага ўпраўлення КДБ». Аднак да 2021 года яго пасада называлася інакш — ён быў начальнікам аддзела следчага ўпраўлення.
Пасля затрымання Віктара Бабарыкі і іншых кіраўнікоў «Белгазпрамбанка» летам 2020 года Бычак публічна агучыў дэталі «карупцыйнай схемы «паміж банкам і кампаніяй «Прыватлізінг».
Дзмітрый Гара, які быў кіраўніком СК, прызначаны генпракурорам замест Андрэя Шведа, які кіраваў Вярхоўным судом.
