Жонка палітзняволенага гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга паведаміла, што перапіска з мужам перапынілася. Яна мяркуе, што ён зараз у ШІЗА:

Паводле ўсіх магчымых затрымак праз цэнзуру, выходныя ды інш., мы меліся б атрымаць нейкую новую карэспандэнцыі ад Дзяніса. Аднак прамінулі ўжо 15 дзён, але нічога ад яго пакуль не прыйшло. Паколькі іншай інфармацыяй мы не валодаем, самай верагоднай прычынай зьяўляецца тое, што, пакуль мы радаваліся вызваленьню іншых палітвязьняў, наш ваяр знаходзіўся (і, імаверна, перабывае там дагэтуль) ў ШІЗА.

Таму зараз мы зь няўсьцерпам чакаем на вестачку ад Дзяніса, каб пачаць трошкі менш за яго хваляваць, бо пакуль ровень нашае трывожнасьці значна падвысіўся.

Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.

Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.