Аляксандру Фядуту – 61 год, нараджэнец Гародні. Беларускі палітолаг, літаратуразнавец і кандыдат філалагічных навук, доктар гуманітарных навук (Польшча), былы палітвязень, датэрмінова вызвалены 13 снежня 2025 года з групай 123 чалавек, выдвараных дыктатарам за межы Беларусі. Быў затрыманы ў Маскве 12 красавіка 2021 года ў межах справы аб змове з мэтай звяржэння канстытуцыйнага ладу ў Беларусі. Не дасядзеў 4,5 гады з прысуджаных 10-ці.

Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла з былым палітвязнем. Гутарка атрымалася вельмі незвычайнай.

РР: Гэта ж не праўда, вы ж не былі ў ніякай змове, як я так думаю.

Аляксандр Фядута: Я быў у змове. Я казаў аб гэтым на судзе. Таму што калі нават змовы не было, а была правакацыя, у якую я папаўся, ну дык гэта адна справа. Але я верыў у тое, што гэта змова. І я ведаў, што я рабіў.

РР: І што вы хацелі зрабіць?

Аляксандр Фядута: Змяніць канстытуцыйны лад. Менавіта таму я адчуваў сябе ўвесь час у калоніі вельмі спакойна. Таму што я ведаў, за што атрымаў прысуд.

РР: У якой калоніі вы сядзелі?

Аляксандр Фядута: Пятнаццатая. Магілёў.

РР: Што вы можаце сказаць пра нашую пенітэнцыярную сістэму?

Аляксандр Фядута: Я нічога не магу сказаць пра нашу пенітэнцыярную сістэму, таму што я ўвесь час сядзеў у адной калоніі і ў адным атрадзе.

РР: Як вы можаце ахарактарызаваць магілёўскую калонію?

Аляксандр Фядута: Я не магу казаць наогул, таму што адзін чалавек адбывае тэрмін у адных умовах, другі – у другіх умовах. Стаўленне да першага адно, стаўленне да другога – другое. Я магу толькі казаць пра тое, як адбываў я. Магу сказаць, што за ўвесь гэты час мне не разу не адмовілі ў медыцынскай дапамозе. Медыцынская частка рабіла ўсё дзеля таго, каб я застаўся жывым, і я нават удзячны супрацоўнікам медыцынскай часткі калоніі №15 за тое стаўленне, якое да мяне было. Мяне ніхто не катаваў.

РР: У ШІЗА не сядзелі?

Аляксандр Фядута: Не сядзеў у ШІЗА, і мяне не пасылалі на так званую «крытку». Я думаю, гэта таксама было вынікам пазіцыі медыцынскай часткі, якой вельмі не хацелася каб я атрымаў інфаркт. І гэта было відавочна, таму што ўвесь час, калі каго-небудзь з маіх больш маладзейшых калегаў пасылалі ў ШІЗА, за тую ж саму правіннасць мяне каралі тым, што мяне пазбаўлялі чарговага спаткання, або пазбаўлялі пасылкі, ці я атрымліваў толькі вымову, або пазачарговае дзяжурства. Я шчыра скажу, кіраўніцтвам было зроблена ўсё, каб я заставаўся жывым.

Аляксандр Фядута

РР: А што вы можаце сказаць пра харчаванне ў калоніі?

Аляксандр Фядута: Я не ведаю, як у іншых калоніях, але на працягу таго часу, са снежня 2022 года, як я заехаў, харчаванне зрабілася відавочна лепшым. Напэўна гэта заслуга намесніка кіраўніка калоніі па забеспячэнні. Таму што ежа станавілася больш-менш прыстойнай. З’яўляліся тыя кашы, якіх не было раней. Зразумела, што гэта ўсё не было раскошай. Але трэба ведаць, што значная частка зняволеных, – гэта палітычныя зняволеныя. Але ж не толькі. Там адбывалі тэрмін і тыя, як кажуць у гэтых колах, якія «не грэліся», іх ніхто не падтрымліваў, яны не атрымлівалі грошы, не было каму паслаць ім пасылку, ці перадачу. І такіх людзей было вельмі шмат. Ці не болей за нас. І для іх гэта было амаль як «шведскі стол» у прыстойным гатэлі. Таму што яны атрымлівалі ежу якасную і ежу, якая іх цалкам задавальняла. Мне не хапала гародніны і садавіны, я не мог есці тыя макароны, якія там былі. Але, ведаеце, нават калі б мяне не падтрымлівала жонка, і я не атрымліваў грошы на магазін, то нават і ў гэтым выпадку я не памёр бы з голаду.

РР: Здаецца, што вы расказваеце пра нейкі санаторый трэцяга разраду…

Аляксандр Фядута: Не, прабачце, гэта не быў санаторый трэцяга разраду. Нават для мяне. І гэта пацвердзяць усе тыя, хто адбываў свой тэрмін, і тыя, хто зараз працягвае адбываць. Таму што яны бачылі, як мне ўсё давалася. Як мне даваўся і той аптымізм, які я спрабаваў перадаваць сваім больш маладзейшым калегам. Яны ведалі, колькі раз я страчваў прытомнасць на прамысловай зоне і як мяне на насілках заносілі ў медыцынскую частку. Усё гэта ведалі.

РР: А якую работу вы там рабілі?

Аляксандр Фядута: Я быў прадстаўніком нізка кваліфікаванай працы. Доктар габілітаваны Ягелонскага ўніверсітэта быў прымушаны месці падлогу ў цэху. І пасля таго як амаль страціў мажлівасць перасоўвацца па цэху, то перабіраў драты як усе. Чысціў медныя драты. Паколькі мне было забаронена выкарыстоўваць нож, я рабіў гэта рукамі.

РР: Колькі вагі вы страцілі?

Аляксандр Фядута: 40 кілаграмаў…

Цалком размову слухайце тут: