
Кар’ера гарадзенскага суддзі Дзмітрыя Бубенчыка ня можа не ўражваць. Толькі 6 кастрычніка бягучага году ён быў перапрызначаны суддзём Гарадзенскага абласнога суду, а днямі стаў ужо суддзём Вярхоўнага Суду РБ.
У Гародні Бубенчык рэгулярна праводзіў палітычныя рэпрэсіі і абвяшчаў карныя прысуды паводле палітычна матываваных спраў. Менавіта ён засудзіў да зняволення Анджэя Пачобута.
Дзмітрый Бубенчык (15.07.1985 нараджэння) выносіў палітычна матываваныя прысуды ў дачыненні да грамадзян, якія асуджаюць вайну супраць Украіны, выказваюць сваю нязгоду з рэжымам Лукашэнкі і гвалтам з боку прадстаўнікоў сілавых структур. Сваімі дзеяннямі сур’ёзна парушаў і працягвае парушаць правы чалавека, падрывае вяршэнства права і аказвае ціск на грамадзянскую супольнасць.
Бубенчык вынес незаконныя прысуды палітвязням:
– Юрый Жукоўскі — 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
– Марына Санкевіч — 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
– Андрэй Ражкоў — 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
– Аляксей Забіран — 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Таксама Бубенчык вынес прысуд палітвязню Сяргею Кірыковічу, незаконна пакараўшы яго пазбаўленнем волі тэрмінам на 4.5 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за каментары ў сацсетках аб расійскіх вайскоўцаў.
Вынес прысуд 34-гадоваму жыхару Слоніма Аляксандру Петушкову і незаконна прызначыў мужчыну 7.5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Падставай для пачынання крымінальнай справы і вынясення прысуду сталі рэпосты і каментары з заклікамі да забастоўкі, спынення працы прадпрыемстваў, аднаўлення пратэстаў. Гучалі і прапановы сілавікам і генералам зняць пагоны. У дачыненні да Лукашэнкі ён выкарыстоўваў словы «ўзурпатар» і «нелегітымны».
Дзмітрый Бубенчык вёў ў закрытым рэжыме разбіральніцтва па справе журналіста, актывіста Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута і засудзіў яго да 8 гадоў калоніі.
Пачынаў сваю кар’еру Бубенчык у судзе Ленінскага раёну Гародні, а потым “шчыраваў” у абласным судзе. Сваю карную кар’еру гэты суддзя адкрыў яшчэ ў 2014 годзе, калі засудзіў да штрафу Вольгу Крапоціну (будучую жонку іншага гарадзенскага палітвязня-журналіста – Дзяніса Івашына) за ўлёткі супраць захопу Расеяй украінскага Крыма. Потым ён шматразова судзіў розных грамадскіх актывістаў, а потым пайшоў на падвышэнне ў абласны суд.
3 жніўня 2023 году Бубенчык быў уключаны ў санкцыйны спіс Еўразвязу.
