Цягам года ў Беларусі былі памілаваныя 342 чалавекі, а палітвязнямі за гэты час сталі 509 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Сярод вызваленых палітвязняў у гэтым годзе быў і заснавальнік “Вясны”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Як і шматлікія іншыя вызваленыя палітвязні ён быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Усяго сёлета прымусова дэпартавалі з краіны 189 палітвязняў.

Таксама 22 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, якія ўтрымліваліся ў зняволенні ў Беларусі. Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, сярод іх былі затрыманыя і засуджаныя паводле палітычных матываў. Памілаваных адразу перадалі Украіне.