
Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі ў новым выпуску «ТОКу» распавёў пра людзей, якія сталі для яго маральнымі арыенцірамі.
«Мне пашчасціла ў жыцці сустракацца з многімі выдатнымі людзьмі, і беларусамі, і не толькі беларусамі, якія былі для мяне прыкладам у маім жыцці. Я ўвесь час (…) імкнуся вучыцца ў людзей. І нават у калоніі для мяне былі людзі вельмі важныя, цікавыя, з якімі я размаўляў, з якіх браў прыклад», — адзначае Бяляцкі.
Вацлаў Гавэл
Адной з самых значных постацяў для Бяляцкага стаў чэшскі лідар Вацлаў Гавэл. З ім Бяляцкі сустракаўся два разы асабіста. Па словах нобелеўскага лаўрэата, апошні ліст, які напісаў Гавэл, быў адрасаваны яму:
«Падчас маёй першай адсідкі ён прыслаў ліст падтрымкі палітычным зняволеным, у тым ліку і мне. Гэта былі персанальныя лісты. Гэта быў увогуле апошні ліст у ягоным жыцці, які ён напісаў. Праз тры дні ён памёр. Калі гэты ліст дайшоў да мяне, я яшчэ не ведаў, што Гавэл памёр».
Васіль Быкаў
Гаворачы пра беларускія аўтарытэты, Бяляцкі найперш згадвае пісьменніка Васіля Быкава, з якім таксама быў асабіста знаёмы.
«У нас розныя пакаленні. Ён значна старэйшы за мяне. Яму было ўжо за 60, мне яшчэ 20 і трошкі. Тым не менш для мяне ён заўсёды быў такой глыбай велічэзнай як пісьменнік, як філосаф, як чалавек, які здолеў сфармуляваць беларускую ідэю ў сваіх творах і паказаць вялікі кавалак жыцця беларускага народа. Гэта сапраўды вялікі чалавек».
Палітвязні 30‑х гадоў
Асобнае месца ў спісе арыенціраў Бяляцкага займаюць людзі, якія прайшлі праз сталінскія рэпрэсіі і захавалі годнасць. Сярод іх — пісьменнікі Сяргей Грахоўскі і Сяргей Новік-Пяюн. Апошні, як згадвае Алесь, прайшоў праз усе магчымыя турмы: польскую, нацысцкі канцлагер і савецкі ГУЛАГ.
«Ён быў вельмі непублічны чалавек, але з цвёрдым характарам і цвёрдай беларускасцю. Ён быў беларусам да самай апошняй клеткі сябе самога. Ён пражыў доўгае жыццё. І калі я з ім пазнаёміўся ў 1990‑я гады, яму ўжо было пад 90 гадоў. Чалавек з цяжкім лёсам, але ён захоўваў сваю беларушчыну», — гаворыць праваабаронца пра Новіка-Пяюна.
Беларускія партызаны і інтэлектуалы
Бяляцкі згадвае цэлую плеяду беларускіх дзеячаў, з якімі яго звязвала праца і сяброўства:
«Міхась Чарняўскі, гісторык, археолаг, які быў паслядоўна беларусам і захоўваў сваю беларускасць у цяжкія 60‑я гады. Гэта і мастакі Мікола Купава і Алесь Марачкін. Гэта старэйшыя сябры, з якімі я вельмі шчыльна і доўга працаваў, пачынаючы з канца 1980‑х гадоў».
Асабліва цёпла ён згадвае філосафа Міколу Крукоўскага, які падчас Другой сусветнай вайны быў партызанам, але заўсёды падкрэсліваў нацыянальны характар той барацьбы:
«Калі яму казалі: «Ды што вы там, партызаны, вы ж невядома за каго ваявалі, што вы там рабілі?», ён казаў: «Мы ваявалі за Беларусь. Мы беларускія партызаны. Нельга аддаваць партызанаў, увогуле партызанскі рух камуністам, таму што ніякія камуністы яго б не стварылі, калі б людзі туды не пайшлі. Вось я сам такі быў». Гэта сапраўды людзі са сваім пунктам погляду на гісторыю, таму што яны былі часткай гэтай беларускай гісторыі і былі сапраўднымі адданымі беларусамі».
Алесь Пушкін
Сярод арыенціраў праваабаронца называе і свайго сябра, мастака Алеся Пушкіна, які загінуў у турме. Паводле слоў Бяляцкага, Пушкін быў не толькі таленавітым творцам, але і актыўным грамадскім дзеячам.
Падсумоўваючы, Алесь Бяляцкі адзначае, што ідэальных людзей не існуе, але важна імкнуцца да лепшага:
«Мы не ідэальныя. Ты не статуя, не з золата. У цябе ёсць і добрыя рысы, і кепскія. Але я заўсёды стараўся браць ад людзей лепшае, быць лепшым, чым я сам ёсць. Гэта дасюль працягваецца. Глядзіш зараз на маладзейшае пакаленне — таксама ёсць чаму павучыцца», — сцвярджае нобелеўскі лаўрэат.
