З 2022 года расейскія прадпрыемствы атрымалі больш за 17 тысяч тон беларускіх паліамідных нітак на суму не менш за 48 мільёнаў даляраў. Яны выкарыстоўваюцца ў Расеі для вытворчасці камізэлек, разгрузак, рамянёў і іншых элементаў вайсковай амуніцыі. Акрамя таго, пастаўкі чыстага паліаміду з лютага 2022 года да сярэдзіны 2024 года ацэньваюцца яшчэ прыкладна на 60 мільёнаў даляраў. Такія даныя падаюць журналісты БРЦ у сваім новым раследванні.

Па звестках, якія яны атрымалі з унутранай дакументацыі прадпрыемстваў, ключавым пастаўшчыком паліаміднай сыравіны для расейскага ваенна-прамысловага комплексу стала беларускае прадпрыемства ААТ “Гроднаазот”, у склад якога ўваходзіць філіял “Завод хімвалакно”.

Нягледзячы на санкцыі ЗША і Еўразвязу, уведзеныя ў 2021 годзе за звальненні работнікаў пасля пратэстаў і фінансаванне рэжыму, у 2022 годзе “Завод хімвалакно” быў фактычна адзіным замежным пастаўшчыком паліаміднай прадукцыі ў Расею сярод краін ЕАЭС. Нават пасля з’яўлення паставак з Арменіі і Казахстана, беларускія аб’ёмы застаюцца дамінуючымі.

Сярод расейскіх кліентаў — Цьверскі навукова-даследчы інстытут сінтэтычнага валакна, звязаны з вайсковымі распрацоўкамі, а таксама завод “Труд” у Ніжнім Ноўгарадзе, які працуе з Мінабароны і МНС Расеі. Толькі за апошнія гады яны закупілі дзясяткі тон беларускай сыравіны.