
Павел завёў свой тэлеграм-канал @seviarynets. У звароце ён падзякаваў усіх за падтрымку, распавёў, што прашэнне аб памілаванні ён не пісаў і віны не прызнаў. Таксама Павел прачытаў уласны верш “Дзеці святла”.
ДЗЕЦІ СВЯТЛА
Мы, беларусы – як дзеці,
Прывыклі не памятаць зла,
Святлей за усіх на свеце,
Бо мы – дзеці святла.
Любім паболей белі
Ад ложака да стала.
А што вы яшчэ хацелі:
Беларусы – дзеці святла.
Любім ясныя вочы
І белазубы смех,
Любім лён і малочку,
Любім зімою снег.
Любім бульбу і кашы,
Любім цукар і соль,
Любім ворагаў нашых,
Любім пакуту і боль.
Любім у Будславе фэсты,
Усе святы календара,
Любім, калі нявеста
У белым ля алтара.
Любім ззянне арганаў,
Любім успышкі пагонь,
І каб герой – беззаганны,
І каб ляцець – на вагонь.
Усё высвятляецца проста,
Без павелічальнага шкла:
Наша святло – гэта Госпад.
Беларусы – дзеці Святла.
«Вядома, што нас вывезлі з Беларусі — гэта беззаконне. Але я веру ў тое, што мы абавязкова вернемся і абдымемся на роднай зямлі», — кажа Павел.
Павел Севярынец нарэшце сустрэўся з жонкай і сынам, якія прыехалі да яго ў Вільню.

