Польшча плануе за два гады стварыць маштабную сістэму абароны ад беспілотнікаў на сваіх усходніх межах. Пра гэта заявіў намеснік міністра нацыянальнай абароны краіны Цэзарый Томчык, піша The Guardian.

Новы абарончы комплекс абыдзецца больш чым у 2 мільярды еўра. Праект будзе фінансавацца пераважна за кошт еўрапейскіх сродкаў у межах праграмы абарончых пазык SAFE, а таксама часткова з польскага дзяржбюджэту.

Частку комплексу ўвядуць ужо праз паўгода, а цалкам завяршыць будаўніцтва плануюць за два гады.

Сучасныя сродкі барацьбы з БПЛА будуць інтэграваныя ў агульную лінію абароны, якая ўжо ўключае ракетныя комплексы і артылерыйскія сістэмы.

Адначасова Варшава ўзмацняе ахову межаў з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі. У прыгранічных гмінах ствараюцца спецыяльныя лагістычныя цэнтры з абсталяваннем, якое дазваляе цалкам перакрыць мяжу за лічаныя гадзіны.

Штуршком для паскарэння праекта стала маштабная атака 10 верасня 2025 года, калі ў паветраную прастору Польшчы ўварваліся каля 20 расійскіх беспілотнікаў, значная частка якіх ляцела з тэрыторыі Беларусі.