
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Artur Szczepanski/REPORTER/East News
Віцэ-прэм’ер і міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш і міністр — каардынатар спецслужбаў Томаш Сямоняк правялі сумесную прэс-канферэнцыю, на якой сярод іншага вялася гаворка пра значнае павелічэнне фінансавання працы польскіх спецыяльных службаў у параўнанні з ранейшымі часамі.
Уладзіслаў Касіняк-Камыш адзначыў, што ў 2026 годзе выдаткі Службы вайсковай разведкі могуць дасягнуць 463 мільёнаў злотых (каля 121,6 мільёнаў даляраў), што амаль удвая больш, чым у 2022 годзе. Падобная сітуацыя і ў Службе вайсковай контрразведкі — яе бюджэт вырас з 362 мільёнаў злотых у 2022 годзе да 779 мільёнаў (каля 217,3 мільёнаў даляраў) у 2026-м. У 2025 годзе былі створаныя новыя інспектарыяты і філіялы гэтай службы ў розных гарадах.
Міністр таксама паведаміў, што ў 2026 годзе Агенцтвы ўнутранай бяспекі і разведкі будуць мець рэкордныя бюджэты (у параўнанні з 2022 годам большыя на 63% і 68% адпаведна, а вайсковыя службы, якія адказваюць за нацыянальную бяспеку, атрымаюць сродкаў на 72% больш. Як падкрэсліў Томаш Сямоняк, гэта сведчыць пра прызнанне ўрадам значнасці спецслужбаў, якія працуюць на першай лініі абароны.
Акрамя таго, ён нагадаў, што яшчэ ў 2024 годзе прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск аднавіў 10 аддзелаў Агенцтва ўнутранай бяспекі, скасаваных у 2017 годзе, каб лепш супрацьстаяць пагрозам ва ўсёй краіне.
Наша Ніва
