
Прадстаўнікі памежнай службы Польшчы і замежнік, якога дэпартуюць. Фота: strazgraniczna.pl
Грамадзяне Беларусі апынуліся на другім месцы па колькасці высылак з Польшчы ў 2025 годзе. 1300 беларусаў пакінулі краіну па прадпісанні, паведамляе памежная служба Польшчы.
Усяго ў 2025 годзе больш за 9300 замежнікаў самі пакінулі Польшчу па прадпісанні памежслужбы. З іх 1900 грамадзян Грузіі, 1300 грамадзян Беларусі, 1200 грамадзян Украіны.
Яшчэ 2100 замежнікаў былі высланыя прымусова. З іх больш за 1150 грамадзян Украіны, больш за 350 грамадзян Грузіі і амаль 130 грамадзян Малдовы.
Часта такія выпадкі звязаныя з сур’ёзным парушэннем законаў Польшчы. Напрыклад, 29 снежня былі затрыманыя тры замежнікі: з Беларусі, Украіны і Грузіі. Паводле звестак памежнай службы Польшчы, яны не выконвалі закон і ўяўлялі рэальную пагрозу бяспецы і грамадскаму парадку ў Польшчы. Сцвярджаецца, што яны здзяйснялі карупцыйныя злачынствы, займаліся крадзяжом, псіхалагічным або фізічным гвалтам. Іх абавязалі вярнуцца ў краіны паходжання.
Таксама праблемы былі ў фанатаў Макса Каржа пасля канцэрту ў Варшаве 9 жніўня 2025 года. Тады затрымалі 109 чалавек за правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку за захоўванне наркотыкаў, парушэнне цялеснай недатыкальнасці работнікаў аховы, пранос піратэхнічных сродкаў і пранікненне на тэрыторыю масавага мерапрыемства. Некаторыя з затрыманых былі вымушаныя пакінуць Польшчу.
Белсат
