
Фота “Вясны”
“Да нас ставіліся па-скоцку за кратамі, нават порцыі ежы для палітычных вязняў былі напалову меншыя. Я цярпеў яшчэ з-за свайго храпу ў калоніі і мне даводзілася сябе “ўскрываць””.
Пра жыццё за кратамі, прапанову аб супрацоўніцтве ад КДБ і вываз за межы Беларусі распавёў Госць Рацыі – былы палітвязень, якога вызвалілі 13 снежня 2025 года з турмы ў Беларусі і завезлі спачатку ва Украіну, а пасля ў Літву, Максім Сенік.
РР: Вы нядаўна вызваліліся. Наколькі мне вядома, вам прысудзілі ў Беларусі чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. Вас судзілі па двух артыкулах, гэта: удзел у экстрэмісцкім фармаванні і абраза прэзідэнта. Распавядзіце пра гэта, якая там была абраза і што там за «фармаванне».
Максім Сенік: Па расейскіх мерках, я абвінавачваўся як «иноагент», працаваў на замежныя арганізацыі, такія як «Белсат» і на рабочы рух «Азота», таму што на «Азоце» працаваў. Я перадаваў інфармацыю, якую нам давалі пад роспіс. Там нічога асабліва сакрэтнага няма. У прынцыпе, інфармацыя, якую я «зліваў», мог любы адшукаць і кудысьці перадаць. Яна была даступная ў інтэрнэце. Там былі загады па заводу, з якімі нас знаёмілі. Я іх проста фатаграфаваў і дасылаў, каб паказаць, што за «дзіч» творыцца на «Азоце» – як вядзе сябе дырэктар, што сабе дазваляе, якія загады выдае. Зразумела, што гэта не толькі ад яго сыходзіла, гэта і з вышэйшых інстанцый прыходзілі загады. Тое, што нам давалі пад роспіс, тое я і скідваў. Нічога іншага я не скідваў.
РР: А як у вам удалося абразіць Аляксандра Лукашэнку?
Максім Сенік: А гэта былі намёкі, што нас могуць накіраваць ваяваць на баку Расеі супраць Украіны. А я супраць гэтага ўсяго. Па-першае, у мяне бацька з Украіны – з Львова. І я павінен ісці ваяваць супраць сваіх братоў? Я супраць такога. А чаму такія размовы пайшлі? Нас пачалі часта выклікаць у ваенкамат нібыта для таго, каб павышаць сваю кваліфікацыю. На чым там павышаць кваліфікацыю, калі там абсталяванне лампавае. 68-га года абсталяванне. Жах. І яны нас на павышэнне кваліфікацыі пасылаюць. Навошта?! Там няма ніякай тэхнікі. Выязджае машына з ангара і адразу глохне. Яны з рэзервовай тэхнікі даставалі запасныя часткі, каб хоць даехаць да палігона. І то мы не даехалі, цягнуць прыйшлося. Арміі ў нас проста не існуе. Яна ёсць толькі на паперы.
РР: Зараз «Арэшнікам» пагражаюць.
Максім Сенік: Расея ўжо паказала, на што яна здольная. Умее толькі лязгаць зубамі. Думаю, што і «Арэшнік» у іх такі самы – дохлы.
РР: Вы былі адзін з нямногіх, хто распавядаў, што ў турме да вас «звярталіся па-скоцку», што ўмовы былі жахлівыя.
Максім Сенік: І ў турме, і затым на зоне, тое ж самае. Затым ужо супакоіліся на зоне. У турме гэтымі здзекамі правіць Казакоў, там такі хам, што з ім увогуле размаўляць немагчыма. Вядзе сябе як нейкі “пахан”. Гэта ў гарадзенскай турме. Я спачатку быў у «амерыканцы», а затым мяне перавялі на крытую ў Гародні. У крытай хоць рамонт зроблены, а ў «амерыканцы» ўвогуле ўмовы суровыя.
Беларускія Радыё Рацыя
