Арцыбіскуп-эмерыт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 80-годдзе ў атачэнні святароў, манаскіх асобаў і вернікаў. У архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску з гэтай нагоды адбылася святая імша.

У Тадэвуша Кандрусевіча багатая біяграфія. Ён нарадзіўся на Гарадзеншчыне ў вёсцы Адэльск. Пасля заканчэння школы вучыўся ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце на фізічна-матэматычным факультэце. Час быў такі, што студэнт вымушаны быў сысці з інстытуту праз тое, што яго абвінавацілі ў неаднаразовым наведванні царквы. Кандрусевіч пераехаў у Ленінград і там у 1970 годзе з адзнакаю скончыў энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытуту. Да 1977 года працаваў інжынерам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў. І нават у складзе групы інжынераў вынайшаў спецыяльны высакахуткасны шліфавальны станок для Волжскага аўтазаводу.

Але далейшае жыццё Тадэвуш Кандрусевіч прысвяціў служэнню Богу. Спачатку ў 1981 годзе скончыў Ковенскую духоўную семінарыю і быў пасвечаны ў святары. А ў 1988-м абараніў дысертацыю на ступень доктара багаслоўя. У 1991-м святара прызначылі арцыбіскупам, апостальскім адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расеі. А з 1999-га да 2007 года арцыбіскуп Кандрусевіч узначальваў Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў у Расеі.

У 2007 годзе ўказам быў пераведзены ў Менска-Магілёўскую катэдру ў Беларусі. За час біскупскага служэння заснаваў Гарадзенскую духоўную семінарыю. Спрыяў адкрыццю каля сотні раней зачыненых святыняў і першаму выданню на беларускай мове 100 000 асобнікаў Ordo Missae і 95 000 катэхізісу. І гэта далёка не ўсе заслугі падчас служэння ў Беларусі.

Але 2020 год нанёс удар і па арцыбіскупе. Пасля крывавых падзеяў ночы пасля прэзідэнцкіх выбараў Тадэвуш Кандрусевіча не павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогаю. Замест гэтага заклікаў спыніць гвалт. 14 жніўня арцыбіскуп звярнуўся са зваротам да Лукашэнкі, у якім яшчэ раз запатрабаваў спыніць гвалт.

Ён пісаў: «Нашая Бацькаўшчына перажывае складаны час, які, на вялікі жаль, ужо азмрочаны пралітаю крывёю, тысячамі затрыманых і жорстка збітых мірных жыхароў, якія хочуць ведаць праўду пра прэзідэнцкія выбары, што адбыліся 9 жніўня. Бог стварыў нас свабоднымі. Па-сапраўднаму свабоднымі нас робіць праўда, кажа Хрыстос (пар. Ян 8, 32–36). Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам. Збаўца вучыць нас: «Няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога» (Мц 5, 37). А д’ябал – чалавеказабойца, ілгун і бацька хлусні (пар. Ян 8, 44). Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, збіццё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, бо хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах у месцах зняволення – цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле. Усё гэта вядзе да дэстабілізацыі і згубных падзелаў у нашым грамадстве. Колькі часу – магчыма, нават не адно пакаленне – спатрэбіцца для таго, каб загаіць нанесеныя знявагаю праўды раны, калі брат падняў руку на брата?!».

Адказ не прымусіў сябе чакаць, і ўжо 31 жніўня арцыбіскупа не ўпусцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з паездкі.

Аляксандр Лукашэнка сказаў тады, што Кандрусевіча ўнеслі ў спіс неўязных у «саюзныя дзяржавы Расеі і Беларусі», бо ён «займаўся махлярствам і дзейнасцю супраць беларускай дзяржавы і яе ўладаў. Праз два месяцы Лукашэнка заявіў, што Кандрусевіч «ездзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі, як разбураць краіну». Святар вярнуўся ў Беларусь на Каляды 24 снежня, пасля таго як апостальскі нунцый Кляўдыё Гуджэроцці прывёз пасланне, што трэба знайсці выйсце з сітуацыі.

3 студзеня 2021-га, у дзень 75-годдзя, Тадэвуш Кандрусевіч пайшоў у адстаўку.

Рэпрэсіі ў краіне закранулі шмат якіх прадстаўнікоў духавенства. Вядомыя выпадкі, калі ў двары Катэдральнага сабору былі разбіты асабістыя аўтамабілі святароў. Некалькі ксяндзоў прайшлі праз адміністратыўныя арышты, прычым некаторыя з іх некалькі разоў. Супраць асобных прадстаўнікоў былі ўзбуджаныя крымінальныя справы. З 2020 года былі арыштаваныя больш за 30 святароў. Беларусь сёння займае другое месца ў свеце паводле колькасці арыштаў каталіцкіх святароў і манахаў. З верасня 2022-га Чырвоны касцёл – візітоўка беларускай сталіцы – зачынены на нявызначаны тэрмін.

Сёння Тадэвуш Кандрусевіч мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, святар праходзіць курсы хіміятэрапіі. Летась у сакавіку ён публічна расказаў, што мае метастазы ў лёгкіх, таму трэба прайсці яшчэ некалькі курсаў. На святой літургіі з нагоды 80-годдзя свайго суайчынніка, беларуса, які зрабіў вялікі ўнёсак у справу адраджэння Касцёлу ў Беларусі, вернікі віншуюць Тадэвуша Кандрусевіча і зычаць яму здароўя на доўгія гады.

Любоў Лунёва, Белсат