Сябра Саюзу Вызваленьня Беларусі, вязень савецкага канцлагеру Віталь Губарэвіч нарадзіўся 3 студзеня 1926 года ў мястэчку Наваельня (Дзятлаўскі раён). Калі меў два гады, памерла маці. Бацька Міхась спачатку працаваў псаломшчыкам у царкве, а з пачаткам савецкай акупацыі – на чыгунцы. Cупрацоўнікі савецкіх карных органаў бацьку арыштавалі, хоць падазронага нічога не знайшлі. Родныя больш яго не бачылі і нават не маглі даведацца пра ягоны лёс.

У час Другой сусветнай вайны Віталь працягваў вучобу ў вячэрняй школе, а таксама падпрацоўваў на чыгунцы. Потым быў адпраўлены на прымусовыя працы ў Германію, дзе працаваў на адным з ваенных заводаў: па адной інфармацыі гэта адбылося, калі немцы неяк прыкмецілі маладога чугуначніка, а па іншай – падчас побыту Віталя Губарэвіча ў ягонай роднай сястры ў Вільні, дзе аднойчы той выйшаў на рынак і трапіў у аблаву. Калі Віталь Губарэвіч працаваў у Германіі, яму адарвала ўказальны палец на правай руцэ.

Увесну 1945 г. вярнуўся на Дзятлаўшчыну, дзе адразу пачаў працаваць і працягнуў вучобу ў вячэрняй школе. Пачаў зачытвацца творамі беларускай літаратуры, пісаў вершы на беларускай і рускай мовах, але яшчэ іх нікому не паказваў. У 1946 г. далучыўся да падпольнага антыкамуністычнага Саюза вызвалення Беларусі, дзе спачатку быў упаўнаважаным па раёне. Часта затрымліваўся супрацоўнікамі НКВД, але тыя не маглі знайсці на яго ніякіх канкрэтных доказаў і адпускалі. З часам да Саюза вызвалення Беларусі далучыўся агент НКВД Алесь Бажко, які выдаў усіх сяброў арганізацыі, і толькі Губарэвіч не быў раскрыты. Але знайшлася іншая нагода для арышту: у вячэрняй школе нехта выкалаў вочы партрэту Сталіна, сілавікі шукалі вінаватага і прызначылі ім Віталя Губарэвіча, хоць той не меў дачынення да выпадку. У траўні 1947 г. быў засуджаны на 10 гадоў канцлагераў.

Зняволенне адбываў на Варкуце, а потым у Інце Комі АССР. У час зняволення ў канцлагерах захварэў на сухоты. У лагеры пазнаёміўся праз сябра Міколу Канаша з Ларысай Геніюш, але сяброўства з паэткай не склалася. У лагеры Губарэвіч пісаў вершы, укладаў іх у бутэлькі і закопваў. Частку вершаў захаваў, а частку запомніў Мікола Канаш, які пасля іх аднаўляў. Пад канец 1955 г. Губарэвіч напісаў верш «На смерць Міколы Граноўскага» у сувязі са смерцю земляка-сулагерніка, які прачытаў над ягонай магілай.

У 1956 г. вярнуўся ў Беларусь. У роднай вёсцы здаў экзамен за курс сярэдняй школы, а потым паступіў на фармацэўтычны факультэт Ленінградскага хіміка-фармацэўтычнага інстытута, дзе атрымаў спецыяльнасць правізара-фармацэўта. Пасля вучобы працаваў у аптэках Наваельні, Наваградку, а пазней быў прызначаны загадчыкам аптэкі ў мястэчку Дварэц. Як і раней, шмат пісаў, займаўся перакладамі з польскай, рускай і нямецкай моў. Асабліва любіў перакладаць гумарэскі з польскага часопіса «Шпількі», які ён выпісваў. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, граў у Наваельнянскім духавым аркестры, арганізаваў тэатральны гурток у мясцовым клубе ў Дварцы. Вясковыя артысты часта паказвалі пастаноўкі па творах беларускіх драматургаў, дзе Віталь Губарэвіч выдатна граў камедыйныя ролі. Пісаў розныя вершаваныя гумарэскі на тэмы вясковага жыцця і выконваў іх на сцэне. Збіраў і запісваў у вёсках Дзятлаўшчыны легенды і паданні.

Пазней Губарэвіч ажаніўся, меў пасынка – Міхася Кузьміцкага, які таксама быў паэтам і друкаваўся ў мясцовай газеце. Памёр Віталь Губарэвіч у 1976 годзе ад сухотаў, пахаваны ў мястэчку Дварэц.