Польскі памежнік, ілюстрацыйнае фота / x.com/Straz_Graniczna

З 29 снежня 2025 года да 4 студзеня 2026 года 15 грамадзян Беларусі добраахвотна выканалі прадпісанні аб выездзе з Польшчы. Пра гэта паведамляе памежная служба Польшчы ў сацсетцы X.
 
Усяго за тыдзень з Польшчы былі высланыя 120 замежнікаў. “Сярод іх былі асобы, якія ўяўлялі пагрозу для бяспекі і грамадскага парадку, а таксама асобы, асуджаныя за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, неаднаразовыя крадзяжы, а таксама за захоўванне наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў”, — гаворыцца ў паведамленні памежнай службы Польшчы.

Акрамя беларусаў у ліку тых, хто добраахвотна пакінуў Польшчу, былі 15 грамадзян Грузіі, 11 грамадзян Калумбіі ды іншыя замежнікі. Сярод прымусова высланых найбольшую колькасць склалі грамадзяне Украіны (31 чалавек), Грузіі (5), Малдавіі (2).
 
Раней ведамства паведамляла, што на працягу 2025 года 1,3 тысяч грамадзян Беларусі добраахвотна выканалі прадпісанні аб выдварэнні з Польшчы.

Еўрарадыё