Гарадзенскі палітзняволены журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын у лісце да блізкіх распавёў, як адзначыў Каляды за кратамі. Пра гэта напісала жонка вязня Вольга Івашына.

«Каляды я сустрэў з прыгожаю (як мне падаецца) ялінкаю-хваінкаю. Гэтым разам яна атрымалася ў мяне занадта пухмянаю, тоўсценькаю. З вялікаю Батлеемскаю зоркаю. Пакункі з дарункамі пад ёю я яшчэ не намаляваў. Але і гэтак зразумела, на які дарунак мы найбольш чакаем. Яго не загарнеш у святочную абгортку з прыгожымі бантамі. Вельмі спадзяюся, што наступная ялінка будзе насамрэч жывою і ставіць яе мы ўжо будзем разам. Давядзецца, праўда, яшчэ набываць упрыгожванні, але ж гэта прыемны працэс. Бо калядная ялінка мусіць быць выключна жывой».