
фота ілюстрацыйнае
З 1 студзеня ў Беларусі павялічылі базавую велічыню. Гэта значыць, што і штрафы істотна выраслі.
За кіраванне транспартным сродкам (ТС) кіроўцам, не прышпіленым рамнём бяспекі, альбо перавозку пасажыраў, не прышпіленых рамнямі бяспекі, прадугледжаны штраф да адной базавай (45 рублёў). Кіраванне ТС, у дачыненні да якога не выдадзены дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху (тэхагляд), калі ўласнікам такога ТС з’яўляецца фізічная асоба, караецца штрафам да трох базавых (да 135 рублёў).
Кіраванне ТС без афармлення страхоўкі для фізічнай асобы абыдзецца ў адну-тры базавых (45—135 рублёў). Такое ж пакаранне прадугледжана для пешаходаў, веласіпедыстаў, а таксама асоб, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху і не кіруюць ТС, пішуць «Мінск-Навіны».
Штраф ад адной да пяці базавых (45—225 рублёў) прызначаюць асобам, якія кіруюць ТС і пры гэтым не выконваюць патрабаванняў сігналаў светлафора або рэгуліроўшчыка. Такое ж пакаранне пагражае кіроўцам, якія ігнаруюць правілы размяшчэння ТС на праезнай частцы, не даюць перавагі ў руху маршрутнаму ТС або пешаходам, не выконваюць патрабаванняў дарожных знакаў або разметкі (за выключэннем выезду на паласу сустрэчнага руху), альбо парушаюць правілы манеўравання ці праезду скрыжаванняў.
Куды больш строга караюць кіроўцаў, якія парушаюць правілы абгону альбо выязджаюць на паласу сустрэчнага руху ў выпадках, калі гэта забаронена ПДР. За гэта можна атрымаць штраф ад дзвюх да 10 базавых (90—450 рублёў), магчыма таксама пазбаўленне права кіравання ТС на тэрмін да аднаго года. Калі парушэнне правілаў прывяло да стварэння аварыйнай абстаноўкі, штраф складзе ад пяці да 20 базавых (225—900 рублёў), магчыма пазбаўленне права кіравання на тэрмін да двух гадоў.
Спыненне або стаянка ТС з парушэннем ПДР абыдзецца аўтаўладальніку ў адну базавую (45 рублёў). Неправамерная стаянка на месцы, адведзеным для стаянкі ТС інвалідаў, караецца дзвюма базавымі (90 рублёў). А вось спыненне або стаянка грузавога аўтамабіля, аўтобуса, коласавага трактара, самаходнай машыны, прычэпа з парушэннем ПДР абыдзецца правапарушальніку ў пяць базавых (225 рублёў).
Калі чалавек не мае права садзіцца за руль, але ўсё ж такі зрабіў гэта, то першы раз рызыкуе быць аштрафаваным на суму ад 225 да 900 рублёў (ад пяці да 20 базавых). У выпадку паўторнага парушэння на працягу года штраф складзе ад 900 да 2 250 рублёў (ад 20 до 50 базавых). У якасці пакарання могуць прызначацца грамадскія работы працягласцю 8—60 гадзін, а таксама адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Строгае пакаранне чакае кіроўцаў, якія кіруюць ТС у стане ап’янення. Штраф складае 100 (4 500 рублёў) або 200 (9 000 рублёў) базавых велічынь (у залежнасці ад ступені ап’янення). Парушальнік таксама пазбаўляецца права кіравання на тры гады або пяць гадоў адпаведна.
Наша Ніва
