
Уладзімір Сіўко нарадзіўся 7 студзеня 1916 году ў Менску), беларускі вайсковы дзеяч. Сям’я паходзіла з вёскі Ачукевічы Любчанскага павету (цяпер Наваградзкі р-н). Закончыў Наваградзкую беларускую гімназію (1933).
Служыў у польскім войску (1937-1938, 1939). «Калі навісла пагроза хуткага пачатку вайны зь Нямеччынай, палякі ўжо не глядзелі, ці ты беларус, ці ты паляк…» – успамінаў Уладзімір Сіўко. Ён служыў у Быдгашчы падхаружым, у верасьні 1939 ваяваў зь немцамі пад Сандамірам, Люблінам. З 1942 С. стаў афіцэрам Беларускае Самааховы, а пасьля Наваградзкага беларускага швадрону, з 1944 – камандзір эскадрону мясцовага батальёну БКА.
У 1944, як упаўнаважаны прадстаўнік швадрону, вёў перамовы з АК у Бярозаўцы аб спыненьні тэрору супраць беларускага насельніцтва. Летам 1944 застаўся ў Беларусі, жыў у Вільні пад сваім прозьвішчам. Арыштаваны 25.08.1945, знаходзіўся ў менскай «амэрыканцы». На сьледстве яму закідвалася сяброўства ў БНП і сувязь з Усеваладам Родзькам, чаго не было.
Зьняволеньне адбываў у савецкім канцлагеры на Калыме, дзе працаваў у шахтах. Пасьля жыў у Любчы. Выдаў кнігу сваіх вершаў «Позьнія кветкі» (Наваградак, 1996).
