
Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец расказаў «Свабодзе», што ён ведае пра стан Мікалая Аўтуховіча за кратамі. Палітзняволенаму Аўтуховічу 7 студзеня споўнілася 63 гады.
У гарадзенскую турму Павел Севярынец трапіў летам 2023 году, яго перавялі туды з Шклоўскай калоніі. За кратамі ў Гародні Севярынец заставаўся да самага вызваленьня 13 снежня 2025 году.
Якраз у гэтай турме трымаюць Мікалая Аўтоховіча. І ён там стаў легендай.
«Ён трымаецца вельмі добра. Для Аўтуховіча ў турме спэцыяльныя ўмовы, ён у асобнай камэры, у адзіночцы. Наколькі я магу меркаваць, ён, дзякуй Богу, жывы і ў бадзёрым стане. Што з ягоным здароўем, дакладна ня ведаю. Міколу Аўтуховіча прызнаюць легендай і іншыя вязьні, нават тыя, хто супрацуе з адміністрацыяй.
З тых, хто цяпер на волі, мы перасякаліся з Паўлам Вінаградавым і Міколам Дзядком. Хлопцы класна сябе паводзілі, проста ўзорна. Пра іншых ня буду гаварыць, ім можа стаць горш. Пра Міколу Аўтуховіча я ня думаю, што яму ўжо можа быць горш. Ён трымаецца там як крэмень», — расказаў Севярынец.
Палітзняволенага прадпрымальніка і палітыка Міколу Аўтуховіча ў 2022 годзе пасля працяглага судовага працэсу засудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі адразу паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «здрадзе дзяржаве» і «замаху на захоп улады». Міколу Аўтуховіча трымаюць у адзіночнай камеры Гарадзенскай крытай турмы, пра яго стан амаль нічога невядома.
Паводле прысуду, Аўтуховіча кінулі ў турму на пяць гадоў. Гэты тэрмін мусіў скончыцца ў снежні 2025 года, пасля чаго палітзняволенага павінны перавесці ў калонію.
