Павел Шурмей «Дзядзька»

Суд над пяццю добраахвотнікамі палка Каліноўскага распачнецца 28 студзеня ў Менскім гарадскім судзе, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Гаворка пра былога намесніка камандзіра палка Каліноўскага, а цяпер прадстаўніка ў абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінету Вадзіма Кабанчука, былога камандзіра палка Паўла Шурмея (нараджэнец Лідчыны), байца Аляксея Кавальчука, інструктара Аляксея Назарава і былога камандзіра Дзяніса Прохарава.

Іх вінавацяць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «Акт тэрарызму», «Распальванне варожасці» і «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

У Беларусі полк Каліноўскага прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй.

Полк імя Кастуся Каліноўскага стварылі ўвесну 2022 года, адразу пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Полк уваходзіць у склад ЗСУ.

Павел Шурмей расказаў у лістападзе 2025 года, што ПКК не адпавядае колькасці, неабходнай для статусу палка. Пры гэтым ён адзначыў, што полк Каліноўскага – гэта самае буйное беларускае падраздзяленне ва Украіне, якое працягвае сваю справу.