Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі, праз тры гады пасля прысуджэння яму ўзнагароды атрымаў дыплом і знак лаўрэата ў Нарвежскім Нобелеўскім інстытуце. На цырымоніі яго вітаў старшыня Нобелеўскага камітэта Ёрген Ватнэ Фрыднэс, піша Deutsche Welle.

Алеся Бяляцкага суправаджала ягоная жонка Наталля Пінчук, якая ў 2022 годзе прадстаўляла яго на цырымоніі ўручэння прэміі. Бяляцкі ў сваёй прынагоднай прамове адзначыў, што праца для вызвалення палітвязняў працягваецца і засяродзіў увагу на тым, што ў турмах усё яшчэ знаходзяцца праваабаронцы, журналісты і грамадскія актывісты. Ён заклікаў працягваць ціск на ўлады Беларусі дзеля вызвалення ўсіх палітзняволеных.

Алесь Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года і засуджаны на 10 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым у кантрабандзе арганізаванай групай і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 13 снежня ён быў вызвалены разам з 122 іншымі палітвязнямі і вывезены за межы Беларусі.

Нобелеўскую прэмію міру 2022 года Алесь Бяляцкі атрымаў разам з расейскім таварыствам «Мемарыял» і ўкраінскай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод».