Новы навучальны дапаможнік пад назвай «Беларуская мова. Практыкаванні і тэксты для чытання» выдадзены кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. 

Кніга разлічаная на тых, хто вывучае беларускую мову як замежную на пачатковых і сярэдніх узроўнях (A1—B1), пра гэта паведамляе афіцыйная старонка кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. 

Яго аўтарка — вядомая мовазнаўца і выкладчыца ўніверсітэта Вольга Трацяк. Яна вядомая ў беларускай дыяспары як актыўная папулярызатарка роднай мовы: з 2019 года Вольга з’яўляецца ініцыятаркай і арганізатаркай міжнароднай акцыі «Беларуская дыктоўка» ў Варшаве, якая праводзіцца да Дня роднай мовы. 

Таксама даследчыца ўваходзіць у Камісію сертыфікацыі валодання беларускай мовай і Галоўны камітэт Алімпіяды беларускай мовы ў Польшчы.

Новае грунтоўнае выданне мае 330 старонак, на якіх змешчана 150 практыкаванняў і 50 тэкстаў для чытання. Як адзначаюць у кафедры, заданні складзеныя такім чынам, каб паступова і сістэмна развіваць моўныя кампетэнцыі: ад разумення пісьмовага тэксту да пашырэння лексічнага запасу і працы над граматыкай.

Важная асаблівасць дапаможніка — універсальнасць. Ён пасуе як для працы з выкладчыкам, так і для самастойнага вывучэння, бо да выдання далучаны ключ з адказамі для самакантролю.

Публікацыя прафінансаваная Фондам дыдактычнай дасканаласці Факультэта практычнай лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Замовіць дапаможнік можна праз сакратарыят кафедры беларусістыкі, напісаўшы на электронную пошту: kb.wls@uw.edu.pl. Заяўлены кошт — 39 злотых (каля 9 еўра).