Дзяржаўная праграма «Лічбавая Беларусь» на 2026—2030 гады прадугледжвае скарачэнне папяровых дакументаў за кошт выкарыстання іх лічбавых версій пры вырашэнні розных жыццёвых і дзелавых пытанняў. Адпаведная пастанова Савета Міністраў №793 ад 30 снежня апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

фота ілюстрацыйнае

Згодна з дакументам, у найбліжэйшую пяцігодку плануецца распрацаваць і пачаць выкарыстоўваць лічбавыя вобразы шэрагу дакументаў, у тым ліку пашпарта грамадзяніна.

Акрамя яго, у электронны выгляд могуць перавесці:

  • пасведчанне кіроўцы;
  • страхавое пасведчанне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання;
  • звесткі з індывідуальнага асабовага рахунку;
  • дазвол на часовае пражыванне;
  • пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку;
  • вайсковы білет;
  • пенсійнае пасведчанне;
  • дакументы аб нараджэнні, шлюбе, разводзе, устанаўленні бацькоўства ці змене імя;
  • пасведчанне інваліда;
  • дакументы на нерухомую маёмасць;
  • заключэнне медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі;
  • пасведчанне на права кіравання маламерным суднам.

Канчатковы спіс такіх дакументаў вызначаць дзяржаўныя органы. У 2026 годзе праграму плануюць дапоўніць мерамі па стварэнні або мадэрнізацыі інфармацыйных сістэм, неабходных для фарміравання лічбавых дакументаў.

У выніку грамадзяне павінны атрымаць магчымасць атрымліваць і выкарыстоўваць інфармацыю пра сябе праз мабільныя і вэб-дадаткі, каб хутка вырашаць жыццёвыя і дзелавыя пытанні ў электроннай форме.

Акрамя таго, урад плануе забяспечыць працу з ID-картай праз мабільныя прылады — для ідэнтыфікацыі, аўтэнтыфікацыі і стварэння электроннага лічбавага подпісу, а таксама ўкараненне ідэнтыфікацыі з выкарыстаннем біяметрычных даных і ўнікальнага ідэнтыфікатара карыстальніка.

Наша Ніва