У 2025 годзе з Польшчы было прымусова выслана амаль удвая больш грамадзянаў Беларусі, чым годам раней. 

Пра гэта сведчаць звесткі Памежнай аховы Польшчы, атрыманыя парталам Onet.pl у адказ на афіцыйны запыт.

Паводле інфармацыі ведамства, за 2025 год польскія ўлады выканалі больш за 9,4 тысячы пастановаў, якія абавязвалі замежнікаў пакінуць тэрыторыю краіны – як у добраахвотным, так і ў прымусовым парадку.

Беларусы – сярод лідараў паводле колькасці пастановаў

Найбольшая колькасць такіх пастановаў у 2025 годзе датычыла грамадзянаў Грузіі – больш за 1,9 тысячы, з якіх каля 360 былі выкананыя ў прымусовым парадку.

На другім месцы апынуліся грамадзяне Беларусі: у дачыненні іх было рэалізавана амаль 1,3 тысячы пастановаў, у тым ліку каля 130 – прымусова, што складае прыкладна 10 % ад агульнай колькасці.

Трэцяе месца занялі грамадзяне Украіны – больш за 1,2 тысячы пастановаў, аднак асаблівасцю гэтай групы стала высокая доля прымусовых выездаў: больш як 1,1 тысячы з іх было выканана прымусова.

Сярод іншых нацыянальнасцяў, якія часта траплялі пад абавязак вяртання, – грамадзяне Малдовы: агульная колькасць пастановаў – 1,1 тысячы, каля 130 з іх было выканана прымусова.

Рост прымусовых дэпартацыяў беларусаў

Для параўнання, у 2024 годзе з тэрыторыі Польшчы выехалі 8540 замежнікаў на падставе пастановаў аб абавязку вяртання. Пры гэтым пераважная большасць выездаў мела добраахвотны характар – 7458 выпадкаў (87,3 %). Прымусова былі выкананыя 1082 пастановы (12,7 %).

У дачыненні грамадзянаў Беларусі ў 2024 годзе было зафіксавана 1377 выпадкаў выезду, аднак толькі 66 з іх адбылося ў прымусовым парадку. Такім чынам, у гадавым вымярэнні агульная колькасць беларусаў, высланых з Польшчы, крыху скарацілася, але колькасць прымусовых дэпартацыяў вырасла прыкладна ўдвая.

Тым часам у Літве прапануецца зрабіць міграцыйную палітыку больш жорсткай, каб спыніць злоўжыванні і падробку дакументаў грамадзянамі трэціх краінаў. Пра гэта заявіла новая кіраўніца Дэпартаменту міграцыі Літвы Індрэ Гаспярэ. Пры гэтым яна адзначыла, што Літва не імкнецца скараціць колькасць мігрантаў, аднак хоча палепшыць кантроль над іміграцыйным працэсам.

Белсат